Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Капеланы свету прынялі дэкларацыю аб служэнні ў турмах

У Бангкоку завяршылася VII Сусветная канферэнцыя турэмных капеланаў. Яе вынікам стала дэкларацыя, скіраваная да ўрадаў, Цэркваў і саміх капеланаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 2 па 7 кастрычніка 2025 года ў сталіцы Тайланда пад дэвізам “Жывая надзея” праходзіла сустрэча душпастыраў, якія служаць у месцах зняволення. Арганізатарам выступіла Міжнародная асацыяцыя турэмных капеланаў (IPCA) – экуменічнае аб’яднанне, якое існуе 40 гадоў і яднае пратэстанцкае, каталіцкае і праваслаўнае духавенства. У канферэнцыі прынялі ўдзел 123 дэлегаты з больш чым 30 краін.

Дэкларацыя: заклікі да ўрадаў

Удзельнікі форуму звярнуліся да ўрадаў з заклікам прымяняць на практыцы Стандартныя мінімальныя правілы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый абыходжання са зняволенымі, вядомыя як “Правілы Нэльсана Мандэлы”, і “Бангкокскія правілы” абыходжання з жанчынамі-вязнямі. Дэкларацыя таксама пацвярджае нязгоду Міжнароднай асацыяцыі з прымяненнем смяротнага пакарання і заклікае ўрады ўлічваць навуковыя даныя аб яго неэфектыўнасці ў барацьбе са злачыннасцю.

Асаблівая ўвага нададзена аднаўленчай справядлівасці, заснаванай на прынцыпах “сустрэча, выпраўленне, перамяненне” з удзелам ахвяр, злачынцаў і грамадства.

Капеланы заахвочваюць урады прасоўваць праграмы і альтэрнатывы турэмнаму зняволенню, якія адпавядаюць 16-й Мэце ўстойлівага развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Зварот да Цэркваў і саміх капеланаў

Канферэнцыя заклікае Цэрквы прыняць пазіцыю аднаўленчай справядлівасці: падтрымліваць служэнне турэмных капеланаў, прымаць былых зняволеных у супольнасці і дапамагаць ахвярам злачынстваў.

Таксама пацвярджаецца хрысціянская ідэнтычнасць Міжнароднай асацыяцыі турэмных капеланаў і неабходнасць развіцця экуменічных адносін і супрацоўніцтва з іншымі рэлігійнымі групамі.

Капеланы абавязаліся яшчэ больш актыўна несці святло Бога і Евангелля за турэмныя муры, асабліва ва ўмовах пагаршэння сітуацыі ў многіх пенітэнцыярных сістэмах свету. Яны падкрэслілі важнасць прызнання ўнутранай каштоўнасці і годнасці кожнага зняволенага як чалавечай асобы, незалежна ад учыненых злачынстваў.

Дэкларацыю турэмныя капеланы завяршылі словамі з Першага паслання апостала Пятра: “Праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі” (1 П 1, 3).
 

13 кастрычніка 2025, 10:39