Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы ЕС: прызначыць спецпасланніка па свабодзе веравызнання

Біскупы кріан ЕС накіравалі ліст Урсуле фон дэр Ляен з заклікам тэрмінова аднавіць пасаду спецпасланніка па пытаннях свабоды рэлігіі за межамі Еўрасаюза.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Па выніках восеньскай асамблеі, якая праходзіла ў Бруселі з 1 па 3 кастрычніка 2025 года, Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) звярнулася да Старшыні Еўрапейскай камісіі. Іерархі выказалі занепакоенасць тым, што праз год пасля пачатку мандата новай камісіі ключавая пасада Спецыяльнага пасланніка па-ранейшаму застаецца вакантнай.

Абарона рэлігійнай свабоды – ключавы прыярытэт

На думку іерархаў, гэтае прызначэнне мае важнае значэнне ў кантэксце росту рэлігійнай дыскрымінацыі і пераследу, з якімі сутыкаюцца асобныя вернікі, рэлігійныя меншасці і супольнасці, большасць з якіх – хрысціяне, у многіх краінах свету.

У сваім лісце іерархі настойваюць, каб новы спецпасланнік быў "без далейшага прамаруджвання" надзелены моцным мандатам і адпаведнымі гуманітарнымі і фінансавымі рэсурсамі.

Акрамя таго, біскупы COMECE зноў заклікалі да прызначэння каардынатара ЕС па барацьбе з антыхрысціянскай нянавісцю ўнутры самога Еўрасаюза. Еўракамісар Магнус Брунер прызнаў рост гэтай з'явы і неабходнасць эфектыўнага процідзеяння ёй.

Дыялог паміж Касцёлам і ЕС павінен быць змястоўным

Падчас асамблеі адбылася дыскусія з удзелам віцэ-прэзідэнта Еўрапарламента Антанэлай Сберна і еўракамісарам Магнусам Брунерам па рэалізацыі артыкула 17 Дамовы аб функцыянаванні ЕС, які рэгулюе дыялог з рэлігійнымі супольнасцямі.

Сберна адзначыла важнасць духоўнага вымярэння і каранёў ідэнтычнасці Еўропы, а Брунер пагадзіўся з неабходнасцю зрабіць сустрэчы больш дыялагічнымі, пазбягаючы іх звядзення да чыстай фармальнасці.

У кантэксце канфліктаў у суседніх з ЕС рэгіёнах, старшыня COMECE, біскуп Марыяна Крачата, выказаў глыбокую заклапочанасць сітуацыяй у сектары Газа, а таксама крызісамі ў Святой Зямлі, Украіне і Судане. Ён далучыўся да шматлікіх заклікаў Папы Льва XIV да міжнароднай супольнасці, пачынаючы з Еўрапейскага саюза, усімі магчымымі сродкамі імкнуцца да хуткага вырашэння, якое ўключае вызваленне ўсіх закладнікаў, поўны доступ да неабходнай гуманітарнай дапамогі і дасягненне справядлівага і трывалага міру.
 

07 кастрычніка 2025, 10:36