Пошук

Афганскія жанчыны. Ілюстрацыйнае фота Афганскія жанчыны. Ілюстрацыйнае фота  (© Nove Caring Humans)

Афганістан: езуіты засталіся дапамагаць

Езуіцкая служба дапамогі бежанцам засталася ў Афганістане пасля 2021 года. Яе праграмы даюць надзею дзецям і жанчынам у складаных умовах рэжыму талібаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Перамагчы роспач, сілкаваць надзею” – гэты выраз падагульняе працу Езуіцкай службы дапамогі бежанцам (JRS) у Афганістане. Як распавёў з Кабула для “L'Osservatore Romano” кіраўнік службы ў гэтай краіне Сандэш Гансалвес, нават ва ўмовах рэжыму талібаў існуюць магчымасці для дзейнасці ў галіне адукацыі, прафесійнай падрыхтоўкі і сацыяльнага развіцця. Ён падкрэсліў, што прыклады афганскіх дзяцей, моладзі і жанчын з’яўляюцца знакам надзеі.

Зарэгістраваны статус НДА дазволіў працягваць працу

Новая сітуацыя ў краіне, якая ўзнікла пасля сыходу Злучаных Штатаў і прыходу да ўлады талібаў, не спыніла JRS. Служба, якая дзейнічае як рэгулярна зарэгістраваная міжнародная няўрадавая арганізацыя, змагла працягнуць сваю працу нават пасля таго, як многія іншыя арганізацыі сышлі з краіны, а людзі засталіся без неабходных паслуг, такіх як школы.

Езуіцкая служба працуе на афганскай зямлі з 2005 года, дапамагаючы ўнутрана перамешчаным асобам і рэпатрыянтам. За гэты час падтрымку атрымалі звыш 150 тысяч чалавек. У 2025 годзе валанцёры працягваюць працу з больш чым 10 тысячамі дзяцей і маладых людзей у лагерах бежанцаў у Кабуле і Гераце, забяспечваючы ім годнае жыццё.

Больш за 400 жанчын ужо стварылі ўласнае прадпрыемства

Адзін з ключавых праектаў, “Skilling circles”, прапануе новыя магчымасці жанчынам ва ўзросце ад 16 да 28 гадоў. Яны вучацца вышыўцы, ткацтву дываноў і кравецкай справе. Гэта дазваляе ім не толькі атрымаць прыбытак, але і ўпэўненасць у сабе.

Прадукцыя прадаецца нават на міжнародным рынку. Ужо больш за 400 маладых жанчын заснавалі ўласнае зарэгістраванае прадпрыемства і плануюць адкрыць крамы ў Кабуле і Гераце.

Іншым напрамкам працы з’яўляюцца Цэнтры грамадскага развіцця, дзе дзеці з сем’яў бежанцаў вучацца чытаць, пісаць і лічыць. Гэтыя цэнтры становяцца для іх бяспечнай прасторай для росту і ўмацавання ўзаемаразумення па-за залежнасцю ад этнічнага паходжання. Да выкладання прыцягваюцца маладыя мясцовыя спецыялісты, а дзейнасць падтрымліваюць мясцовыя саветы старэйшын.
 

15 кастрычніка 2025, 10:38