Пошук

Кардынал Рэйнхард Маркс Кардынал Рэйнхард Маркс  (ANSA)

Кардынал Маркс: рэлігія і дэмакратыя – саюзнікі?

Дэмакратыя жыве за кошт людзей, гатовых рабіць больш, чым патрабуе закон. Рэлігія ўмацоўвае ў чалавеку імкненне да салідарнасці і справядлівасці, лічыць кардынал Рэйнхард Маркс.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Мюнхенскі 30 верасня 2025 года выступіў з лекцыяй у аўстрыйскім Лінцы. Іерарх падкрэсліў неад’емную ролю рэлігіі для паспяховага функцыянавання дэмакратычнага грамадства.

Паводле кардынала, дэмакратыя трымаецца на людзях, якія гатовыя праяўляць больш салідарнасці і прыкладаць больш намаганняў, чым гэтага патрабуе закон. Менавіта гэтае “больш” і звязаная з ім свабода з’яўляюцца фундаментам дэмакратычнага ладу.

Такі падыход, на яго думку, сугучны хрысціянству, якое шукае справядлівага грамадства і супрацьстаіць няспыннай гонцы за прыбыткам, у якой чалавек і яго годнасць застаюцца без увагі.

Як яскравы сімвал гэтай ідэі кардынал Маркс назваў нядзелю. Ён акрэсліў яе як “помнік дэмакратыі”, таму што святы дзень паказвае, што сэнс існавання грамадства не зводзіцца выключна да прыбытку і карысці.

Разам з тым, іерарх прызнаў, што Касцёл не заўсёды адпавядаў уласным высокім патрабаванням і працягвае губляць вернікаў. Тым не менш, ён падзяліўся сваім бачаннем будучыні: “Калі людзі будуюць дэмакратыю, яны павінны сказаць: “Мы хацелі б, каб вы, хрысціяне, былі з намі”.”
 

01 кастрычніка 2025, 10:55