Манчэстэр: кардынал асудзіў атаку на сінагогу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Англіі і Уэльса кардынал Вінцэнт Нікалс выступіў з заявай, у якой выказаў сваё ўзрушэнне ў сувязі з тэрарыстычным нападам на сінагогу “Heaton Park Hebrew Congregation” у Манчэстэры, які адбыўся ў чацвер, 2 кастрычніка 2025 года.
Іерарх назваў забойства двух вернікаў-яўрэяў, раненне іншых і спробу ўехаць на аўтамабілі ў натоўп праявамі крайняй нянавісці, з якой нельга мірыцца ў краіне. “Той факт, што такі напад быў накіраваны супраць яўрэйскай супольнасці, і менавіта ў Ём-Кіпур – самы ўрачысты дзень, – узрушыў мяне да глыбіні душы”, - прызнаўся іерарх.
“Яўрэі і хрысціяне глыбока звязаны супольнай верай у Бога. У каталіцкай традыцыі яўрэйскі народ лічыцца ‘старэйшымі братамі’ ў веры нашай хрысціянскай сям’і. Мае малітвы – і малітвы каталіцкай супольнасці – шчырыя і глыбокія: за тых, хто загінуў, за тых, хто ў жалобе, за параненых і за тых, хто гэтай ноччу будзе адчуваць сябе менш бяспечна”, - дадаў кардынал Нікалс.
На заканчэнне заявы старшыня епіскапату Англіі і Уэльса адзначыў: “Наш супольны абавязак – супрацоўнічаць, каб забяспечыць больш згуртаваную і поўную павагі супольнасць – такую, у якой няма месца для такога насілля і бесчалавечнасці”.