Жахлівая статыстыка: пераслед хрысціян у Нігерыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле абноўленай гадавой справаздачы Міжнароднага таварыства за грамадзянскія свабоды і вяршэнства права (Intersociety), з 2009 па 2025 год у Нігерыі 22 джыхадзісцкія групоўкі, у тым ліку “Бока Харам”, у сярэднім атакавалі тры храмы штодня. Інфармацыю пра гэта распаўсюдзіў інфармацыйны сэрвіс cath.ch.
Тэрарыстычныя групоўкі імкнуцца стварыць ісламскую дзяржаву ў самай густанаселенай краіне Афрыкі. Іх ахвярамі неаднаразова становяцца не толькі хрысціяне, але і ўмераныя мусульмане. Акрамя таго, Нігерыя змагаецца з хваляй насілля з боку банд, якія здзяйсняюць напады, выкраданні людзей дзеля выкупу, а ў некаторых выпадках і забойствы.
Паводле апошняй справаздачы “Intersociety”, з 2009 года было выкрадзена каля 600 хрысціянскіх святароў, у тым ліку 250 каталіцкіх. У сваю чаргу, у сакавіку 2024 года Канферэнцыя Біскупаў Нігерыі апублікавала даныя, паводле якіх у перыяд з 2015 па 2025 год былі выкрадзеныя як мінімум 145 каталіцкіх святароў. Прынамсі 11 з іх былі забітыя.
У выкраданнях абвінавачваюць як джыхадзістаў, так і злачынныя групоўкі, якія дзейнічаюць з мэтай атрымання фінансавай выгады.