Святы Пасад у ААН: спыніць голад, а не нарошчваць узбраенні
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Габрыэле Кача, пастаянны прадстаўнік Святога Пасада пры ААН, выступіў 15 кастрычніка 2025 года падчас 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі, дзе абмяркоўваліся пытанні выкаранення беднасці і харчовай бяспекі.
Дыпламат нагадаў, што праз дзесяць гадоў пасля прыняцця Мэт устойлівага развіцця больш за 800 мільёнаў чалавек жывуць у крайняй беднасці. Ён назваў гэтую сітуацыю не проста статыстыкай, а “сур’ёзнай знявагай уласцівай чалавеку годнасці” і правалам міжнароднай супольнасці, працытаваўшы заклік Папы Льва XIV паважаць годнасць кожнага “сёння, а не заўтра”.
Іерарх падкрэсліў, што відавочнасць рашэнняў, такіх як інвестыцыі ў адукацыю і сацыяльную абарону, кантрастуе з адсутнасцю палітычнай волі. Гэты правал выяўляецца ў “балючым парадоксе”: рэсурсы, неабходныя для пераадолення голаду, накіроўваюцца на вытворчасць “інструментаў смерці”, што распальвае канфлікты і нестабільнасць.
На заканчэнне дыпламат Святога Пасада заявіў, што выкараненне беднасці з’яўляецца “маральным абавязкам”. Яго выкананне патрабуе канкрэтных мер і пераарыентацыі палітыкі, каб паставіць чалавечую асобу ў цэнтр усёй дзейнасці.