Святы Пасад у АБСЕ: свабода рэлігіі – тэст для іншых свабод
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пазіцыя была агучана 16 кастрычніка 2025 года падчас сесіі “Фундаментальныя свабоды II”. У заяве падкрэсліваецца, што свабода веравызнання з'яўляецца адзінай фундаментальнай свабодай, прама згаданай у Хельсінкскім заключным акце, і таму павінна заставацца ў цэнтры падыходу АБСЕ да бяспекі.
Святы Пасад настойвае, што павага да свабоды рэлігіі з’яўляецца крытэрыем захавання ўсіх іншых правоў, бо яна “тычыцца самай патаемнай сферы чалавечага духа”. Гэта не проста свабода ад пераследу, але і свабода вызнаваць сваю веру публічна і прыватна, у навучанні, практыцы і кульце. Гэтая свабода, паводле заявы, непарыўна звязана са свабодай думкі, сумлення і выказвання.
Грамадства, якое паважае свабоду рэлігіі, раскрывае патэнцыял для развіцця агульнага дабра, спрыяючы міру і бяспецы. Дэлегацыя заклікала пераадолець скажонае ўяўленне пра рэлігію як пра “праблему”, прызнаўшы яе станоўчы ўклад.
Намаганні АБСЕ па абароне свабоды веравызнання названы найлепшай гарантыяй для ўмацавання цярпімасці і чалавечай годнасці.