Біскупы ЕС заклікаюць змагацца з хрысціянафобіяй
Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) настойліва заклікала Еўрасаюз стварыць пасаду каардынатара па барацьбе з антыхрысціянскай нянавісцю і дыскрымінацыяй.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас сустрэчы з еўракамісарам Магнусам Брунерам, віцэ-старшыня COMECE біскуп Чэслаў Козан выказаў занепакоенасць ростам злачынстваў на глебе нянавісці супраць хрысціян у Еўропе. Ён адзначыў, што ў сучасных секулярызаваных грамадствах звужаецца прастора для рэлігіі, што прыводзіць да дыскрымінацыі і забароны рэлігійных сімвалаў.
На думку іерарха, часта хрысціянскія прынцыпы памылкова ўспрымаюцца як пагроза, што вынікае з няведання і адсутнасці разумення ролі рэлігіі. Таму, акрамя стварэння пасады каардынатара, COMECE заклікала ЕС садзейнічаць павышэнню “рэлігійнай адукаванасці” ў грамадстве.
У сустрэчы таксама ўдзельнічалі лідары іншых рэлігій, якія падтрымалі ідэю барацьбы з мовай варожасці.
20 лістапада 2025, 10:00