Пошук

Вёска ў Паўднёвым Судане. Ілюстрацыйнае фота Вёска ў Паўднёвым Судане. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Касцельныя арганізацыі заклікаюць ЕС вырашыць пазыковы крызіс

У Сусветны дзень бедных Еўрапейскі альянс “Laudato Si’” заклікаў Еўрапейскі саюз прыняць рашучыя меры для пераадолення глабальнага пазыковага крызісу, які прыгнятае краіны Поўдня.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У ХІ Сусветны дзень бедных, які адзначаецца 16 лістапада 2025 года, Еўрапейскі альянс “Laudato Si’” (ELSiA) выступіў з заявай, у якой заклікаў да справядлівасці, салідарнасці і сістэмных змен.

Абапіраючыся на вучэнне папы Францішка аб інтэгральнай экалогіі, працягнутае Папам Львом XIV, Альянс настойліва просіць Еўрапейскі саюз актыўна працаваць над ліквідацыяй глабальнай беднасці, у прыватнасці, вырашаючы пазыковы крызіс.

Маральны тэст для грамадства – яго стаўленне да бедных

У заяве падкрэсліваецца, што ўмовы жыцця бедных – гэта “выклік, які на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва кідае нашаму жыццю, грамадствам, палітычным і эканамічным сістэмам і, не ў апошнюю чаргу, Касцёлу”, як адзначыў Леў XIV у сваёй Апостальскай адгартацыі “Dilexi Te”.

Асноўным маральным выпрабаваннем для любога грамадства з'яўляецца тое, як яно абыходзіцца з найбольш уразлівымі слаямі насельніцтва, таму перавага павінна аддавацца людзям, якія жывуць у беднасці.

Цяперашні пазыковы крызіс з'яўляецца найгоршым у гісторыі. Больш за сто краін з нізкім і сярэднім узроўнем даходу вымушаны рабіць немагчымы выбар паміж выплатай працэнтаў па непасільных даўгах і фінансаваннем асноўных паслуг.

Сорак восем краін трацяць больш на выплату працэнтаў па даўгах, чым на ахову здароўя ці адукацыю, што яшчэ больш паглыбляе беднасць. Настаўнікі і медсёстры прыносяцца ў ахвяру, бо жыццёва важныя дзяржаўныя паслугі скарачаюцца, каб вярнуць пазыкі багатым крэдыторам.

Заклік да рэформы глабальнай пазыковай архітэктуры

Спасылаючыся на пасланне Льва XIV на IX Сусветны дзень бедных, ELSiA заклікае “зрабіць рашучы і радыкальны выбар на карысць самых слабых”. Лідары ЕС могуць зрабіць такі выбар, прызнаўшы сур’ёзныя абмежаванні існуючых механізмаў і іх негатыўны ўплыў на людзей у краінах глабальнага Поўдня. Дапамога бедным – гэта “пытанне справядлівасці, а не дабрачыннасці”.

Канкрэтна, Еўрапейскі саюз можа змагацца з голадам і пакутамі, падтрымаўшы стварэнне механізму ўрэгулявання запазычанасці на ўзроўні ААН. Гэта стала б значным крокам да будучыні, у якой кожны мае дом, дастаткова ежы, доступ да аховы здароўя і якаснай адукацыі, а таксама канкрэтным знакам надзеі і лідарства ЕС у аднаўленні шматбаковага супрацоўніцтва.
 

16 лістапада 2025, 11:21