Пошук

Мансеньёр Хуан Антоніа Крус Сэрана Мансеньёр Хуан Антоніа Крус Сэрана   (UID)

Крызіс на Гаіці і ўраган “Меліса”: голас Святога Пасада

Прадстаўнік Святога Пасада ў ААД звярнуў увагу на крызіс на Гаіці і наступствы ўрагану “Меліса”, заклікаўшы да салідарнасці і канкрэтных палітычных рашэнняў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прадстаўнік Святога Пасада пры Арганізацыі Амерыканскіх Дзяржаў (ААД) выступіў 5 лістапада 2025 года ў Вашынгтоне з двума зваротамі, прысвечанымі драматычным падзеям у Карыбскім рэгіёне. Мансеньёр Хуан Антоніа Крус Сэрана засяродзіў увагу на шматмерным крызісе на Гаіці, а таксама на разбуральных наступствах урагану “Меліса”.

Гаворачы пра сітуацыю на Гаіці, ватыканскі дыпламат назваў яе “драматычнай рэчаіснасцю”, выкліканай адсутнасцю бяспекі, беднасцю і насіллем. Ён працытаваў словы Папы Льва XIV, які заклікаў міжнародную супольнасць не адварочвацца, а па-сапраўднаму ўспрыняць боль гаіцянскага народа.

Крус Сэрана пацвердзіў блізкасць Святога Пасада і яго падтрымку намаганняў па ўсталяванні міру і стабільнасці ў краіне.

У другім звароце прадстаўнік Святога Пасада перадаў смутак і малітоўную блізкасць Папы жыхарам краін, якія пацярпелі ад урагану “Меліса”: Ямайкі, Гаіці, Дамініканскай Рэспублікі, Кубы і Багамскіх Астравоў. Ён запэўніў, што Касцёл праз свае дабрачынныя арганізацыі, такія як “Caritas” і “Catholic Relief Services”, ужо дапамагае ахвярам стыхіі.

Абодва выступленні прагучалі як адзіны заклік. Дыпламат нагадаў пра “імператыў клапаціцца пра прыроду праз канкрэтныя дзеянні і, перш за ўсё, праз важныя нацыянальныя і міжнародныя палітычныя рашэнні”. Ён падкрэсліў, што клопат і абарона стварэння, як і салідарнасць з народамі, якія пакутуюць, – гэта адказнасць кожнага.
 

06 лістапада 2025, 12:12