Пошук

Пілігрымы і турысты на Плошчы Святога Пятра Пілігрымы і турысты на Плошчы Святога Пятра  (AFP or licensors)

Эфект Юбілею: рэлігійны турызм у Італіі на ўздыме

Юбілейны 2025 год стаў рухавіком для рэлігійнай гасціннасці ў Італіі, забяспечыўшы рост на 9 працэнтаў па ўсёй краіне і на 14 прыцэнтаў у Рыме, нягледзячы на складаны эканамічны кантэкст.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сектар рэлігійнай і некамерцыйнай гасціннасці ў Італіі, які налічвае каля 3000 структур і 200 000 ложка-месцаў, падводзіць вынікі 2025 года. Гэты перыяд быў адзначаны надзвычайным прытокам людзей з нагоды Юбілею і няпростай эканамічнай сітуацыяй.

Лічбы пацвярджаюць поспех, хоць і з некаторымі нюансамі

Паводле даных Асацыяцыі рэлігійнай гасціннасці Італіі, Рым і яго правінцыя зафіксавалі рост наведванняў на 14 працэнтаў ў параўнанні з 2024 годам. Гэта важны вынік, хоць і крыху ніжэйшы за першапачатковыя прагнозы ў 24 працэнта.

У маштабах усёй краіны некамерцыйны сектар гасціннасці завяршае год з сярэднім ростам на 9 працэнтаў. Найбольшы "эфект Юбілею" адчула Цэнтральная Італія (+11 працэнтаў), у той час як Поўнач і Поўдзень паказалі рост на 7 працэнтаў.

Гэтая дынаміка пацвярджае ролю рэлігійных устаноў як шырокай сеткі гасціннасці не толькі ў буйных гарадах, але і ў малых цэнтрах і ўздоўж шляхоў пілігрымак.

Духоўнае адраджэнне і доўгатэрміновыя інвестыцыі

Фабіа Рокі, старшыня Асацыяцыі, назваў гэты вынік "глытком кіслароду для дабрачыннай і місіянерскай дзейнасці, якая фінансуецца з гэтых даходаў". Ён падкрэсліў, што досвед гасціннасці, атрыманы ў гэтым годзе, будзе мець доўгатэрміновыя наступствы, бо многія людзі нанова адкрылі для сябе каштоўнасць "Дома, які з'яўляецца не проста ложкам для сну, а месцам слухання, дзялення і блізкасці".

Па словах Рокі, якія цытуе інфармацыйнае агенцтва “SIR”, Юбілей стаў для многіх структур сур'ёзным выпрабаваннем, якое падштурхнула іх да рэарганізацыі прасторы, паляпшэння даступнасці і мадэрнізацыі анлайн-камунікацыі. “Гэта інвестыцыі, якія застануцца і дазволяць дамам быць гатовымі прымаць у бліжэйшыя гады пілігрымаў, адказных турыстаў, групы і сем'і", - адзначыў ён.

Асацыяцыя бачыць у гэтых лічбах не толькі часовы эфект, звязаны з Юбілеем, але і прыкмету больш глыбокай тэндэнцыі: росту попыту на падарожжы, якія спалучаюць духоўнае вымярэнне, увагу да чалавека і каштоўнасць мясцовай культуры.
 

19 лістапада 2025, 10:57