Пошук

Махмуд Абас у Рыме: першы візіт – на магілу Папы Францішка

6 лістапада 2025 года Леў XIV прыме на аўдыенцыі прэзідэнта Палесціны Махмуда Абаса. Па прылёце ў Рым днём раней палітык накіраваўся ў Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб наведаць магілу Папы Францішка.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я прыехаў да Папы Францішка, бо не магу забыць тое, што ён зрабіў для Палесціны і палесцінскага народа. Я не магу забыць, што ён прызнаў Палесціну без чыйго-небудзь прашэння”, - сказаў Махмуд Абас у размове з журналістамі.

Палітыка суправаджаў айцец-францішканін Ібрагім Фалтас, былы вікарый Кустодыі Святой Зямлі. Іх сустрэў і суправадзіў да магілы архіпрэзбітэр Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, кардынал Раландас Макрыцкас. На надмагільную мармуровую пліту з надпісам “Franciscus” Абас усклаў букет белых кветак.

Палесцінскі лідар неаднаразова асабіста сустракаўся з Папам Францішкам і размаўляў з ім па тэлефоне. 8 чэрвеня 2014 года ён удзельнічаў у гістарычнай малітве за мір разам з прэзідэнтам Ізраіля Шымонам Перэсам, якая была арганізавана Францішкам у Ватыканскіх садах. Там палітыкі пасадзілі аліўкавае дрэва як знак супольнага імкнення будаваць мір паміж сваімі народамі. У сустрэчы ўдзельнічаў таксама Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей І.

Махмуд Абас і Папа Францішак бачыліся апошні раз 12 снежня 2024 года ў Ватыкане. Падчас гэтага яго візіту гаворка ішла пра неабходнасць тэрміновага вырашэння гуманітарнай сітуацыі ў Газе і падкрэслівалася, што дасягнуць рашэння аб існаванні дзвюх дзяржаў – ізраільскай і палесцінскай – можна толькі праз дыялог і дыпламатыю.
 

06 лістапада 2025, 09:07