Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

60 рэлігійных устаноў: “не” для інвестыцый у выкапнёвае паліва

60 рэлігійных устаноў абвясцілі аб выхадзе з інвестыцый у выкапнёвае паліва, накіроўваючы сігнал удзельнікам кліматычнага саміту СОР30 у Бразіліі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рух “Laudato si’” (Movimento “Laudato si’”) паведаміў пра маштабную акцыю, якая стала моцным сігналам для ўдзельнікаў 30-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату (СОР30), што праходзіць у бразільскім Белеме.

Гаворка ідзе пра тэрміновую неабходнасць паступовай адмовы ад выкапнёвага паліва, улічваючы яго шкоднае ўздзеянне на клімат, біяразнастайнасць і правы чалавека.

Ад Канады да Еўропы: хто далучыўся да ініцыятывы

Спіс устаноў, якія абвясцілі пра свой крок, уключае пяць каталіцкіх дыяцэзій (чатыры ў Італіі і адна ў Канадзе), манаскія ордэны ў Францыі, Бельгіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі і ЗША, каталіцкія і пратэстанцкія банкі ў Германіі, а таксама 42 члены Працоўнай групы касцельных інвестараў (Arbeitskreis Kirchlicher Investoren (Aki)) – сеткі інстытуцыйных інвестараў, звязаных з пратэстанцкімі супольнасцямі ў Германіі.

Архідыяцэзія Гаціно стала першай каталіцкай структурай у Канадзе, якая абвясціла аб выхадзе з інвестыцый у кампаніі, што займаюцца вытворчасцю выкапнёвага паліва. Гэтае рашэнне асабліва значнае, бо Канада, разам з ЗША, Аўстраліяй і Нарвегіяй, з’яўляецца адной з галоўных краін, адказных за пашырэнне вытворчасці выкапнёвага паліва пасля Парыжскага пагаднення. З 2015 па 2024 год гэтыя чатыры краіны павялічылі здабычу амаль на 40 працэнтаў, у той час як у астатнім свеце яна знізілася на 2 працэнта.

Больш чым інвестыцыі: заклік да глабальных змен

Пра поўны выхад з інвестыцый у кампаніі, звязаныя з выкапнёвым палівам, таксама абвясцілі Езуіцкая правінцыя Цэнтральнай Еўропы (якая ўключае Германію, Аўстрыю, Швейцарыю, Літву і Латвію) і Steyler Bank.

Рэлігійныя ўстановы ва ўсім свеце кіруюць інвестыцыямі на агульную суму 3 трыльёна долараў ЗША. Акрамя адмовы ад інвестыцый, яны заклікаюць урады і банкі паступова скарачаць падтрымку выкапнёвага паліва і павялічваць інвестыцыі ў чыстую энергію.

Варта дадаць, што больш за 600 рэлігійных устаноў падтрымалі патрабаванне заключыць Дамову аб нераспаўсюджванні выкапнёвага паліва.
 

18 лістапада 2025, 10:29