Пошук

Плошча і Базіліка Раства Хрыстова ў Бэтлееме Плошча і Базіліка Раства Хрыстова ў Бэтлееме 

Бэтлеем вяртае свята: радасць пасля гадоў цішыні

Пасля двух гадоў сціплых святкаванняў з прычыны вайны Бэтлеем рыхтуецца да паўнавартаснага Божага Нараджэння. Горад хоча стаць сімвалам надзеі і адраджэння для ўсяго рэгіёна.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля двух гадоў прыгнечанасці з прычыны вайны ХАМАС з Ізраілем, сёлета святы ў Бэтлееме пройдуць у поўнай велічы. Намесніца мэра Люсі Талгіе паведаміла, што горад працуе кругласутачна, каб падрыхтавацца да прыёму гасцей: "Пасля пяці гадоў абмежаванняў, звязаных з кавідам, і вайны мы хочам святкаваць па-сапраўднаму".

Праграма ўключае запальванне агнёў на елцы на Плошчы Ясляў, святочную ілюмінацыю і вялікі калядны кірмаш. Асаблівай падзеяй стане традыцыйная працэсія ў Вігілію пад кіраўніцтвам Лацінскага Патрыярха П’ербатысты Піцабалы. Гэтае рашэнне мае і жыццёва важнае значэнне для мясцовай эканомікі, якая моцна пацярпела ад адсутнасці турыстаў.

Летась Касцёл абмежаваў урачыстасці ў знак салідарнасці з ахвярамі, аднак гэта было няправільна інтэрпрэтавана светам як "адмена Раства". Сёлета падыход змяніўся. Кардынал Піцабала настаяў на паўнавартасным святкаванні, бо "людзям патрэбны сімвал надзеі і святло ў цемры".

Нягледзячы на складанасці з лагістыкай, Бэтлеем чакае каля 11 тысяч наведвальнікаў у святочны тыдзень, каб разам маліцца пра мірную будучыню.
 

03 снежня 2025, 11:33