Вярхоўны суд Індыі разгледзіць пазоў біскупаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Індыі звярнулася ў вышэйшую судовую інстанцыю краіны, каб спыніць дзеянне новага "антыканверсійнага закона" ў штаце Раджастхан.
Прыняты ў верасні акт прадугледжвае драконаўскія меры: да 20 гадоў турмы і велізарныя штрафы за "незаконнае" схіленне да змены веры, а за масавыя выпадкі – нават пажыццёвае зняволенне. Гэта ўжо дванаццаты штат Індыі, які ўвёў такія абмежаванні.
Прадстаўнікі Касцёла б’юць трывогу, бо закон выкарыстоўвае расплывістыя фармулёўкі. Як адзначае юрыст сястра Саюдж’я Бінду, звычайная дабрачыннасць – прыём дзяцей у школу ці лячэнне хворых – цяпер можа быць інтэрпрэтавана як "заахвочванне" да пераходу ў хрысціянства.
Акрамя таго, закон парушае прэзумпцыю невінаватасці, прымушаючы абвінавачанага самому даказваць адсутнасць віны. Біскупы называюць гэта прамым ударам па рэлігійнай свабодзе хрысціянскай меншасці ў Індыі.