Надзея не можа быць адзінокай: Піцабала пра будучыню Газы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас прэс-канферэнцыі ў Плімуце, штат Мічыган, Лацінскі Патрыярх Іерусаліма намаляваў карціну поўнага спусташэння, якое пануе ў Палестыне нават пасля кастрычніцкага перамір'я. Яго цытуе агенцтва “OSV News”.
Паводле яго слоў, адзінае адрозненне ад актыўнай фазы вайны – гэта адсутнасць штодзённых бамбардзіровак. Аднак інфраструктура фактычна сцёртая з зямлі: няма ні вады, ні электрычнасці, ні школ.
Жыццё ў намётах на голым пяску
Кардынал Піцабала адзначыў, што людзі выйшлі з “рэжыму выжывання”, калі кожны дзень мог стаць апошнім, але цяпер яны сутыкнуліся з новай, не менш страшнай фазай усведамлення страт. Больш за мільён чалавек жывуць у намётах, і любы дождж ператвараецца ў катастрофу. Медыцынская дапамога стала амаль немагчымай раскошай. Іерарх падкрэсліў фінансавы тупік: нават калі прадукты паступаюць на рынкі, людзі не могуць іх набыць, бо банкаўская сістэма знішчана фізічна.
Патрыярх звярнуў увагу на глыбокую псіхалагічную траўму насельніцтва. Эмоцыі і пытанні, якія падаўляліся падчас выбухаў, цяпер вырываюцца вонкі, спараджаючы велізарную фрустрацыю. “Надзея – гэта слова, якое не можа заставацца адзінокім”, - сказаў ён, тлумачачы, што спадзяванне павінна мець карані ў веры і канкрэтным дзеянні.
541 хрысціянін у адным будынку
Асаблівую ўвагу кардынал надаў лёсу хрысціянскай супольнасці. Усе 541 католік, якія засталіся ў Газе, сабраліся ў комплексе парафіі Святой Сям'і. “Яны жывуць у касцёле, як у манастыры”, - падзяліўся Піцабала. Нягледзячы на разбурэнне дамоў, супольнасць захоўвае інтэнсіўнае сакраментальнае жыццё.
Самым кранальным момантам прамовы стаў успамін пра размову з адным з парафіян. Пасярод бамбёжак той прызнаўся кардыналу: “Сярод усяго гэтага гвалту мы не здольныя іх ненавідзець”.
Кардынал заклікаў амерыканцаў не баяцца наведваць Святую Зямлю і глядзець на сітуацыю глыбей, чым праз прызму спрошчаных палітычных лозунгаў.