У Кастэль-Гандольфа пройдзе сімпозіум пра моц жанчын
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сустрэча будзе прысвечана ролі жанчын ва ўмацаванні міру, абароне правоў чалавека і развіцці інклюзіўных супольнасцяў, заснаваных на сацыяльнай справядлівасці і клопаце пра навакольнае асяроддзе.
У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі свету кіно, культуры і мастацтва. Мадэратарам выступіць заснавальнік кінафестывалю Паскале Вічэдоміні. Ганаровай госцяй стане рэжысёр Ліліяна Кавані. Завершыць сустрэчу кардынал Фабіа Баджа, генеральны дырэктар Цэнтра вышэйшай адукацыі "Laudato si'", які запросіць удзельнікаў паразважаць пра калектыўную адказнасць у працэсах прымірэння і пабудовы міру.
Сімпозіуму будзе папярэднічаць кароткі “шпацыр за мір” па маляўнічаму парку мястэчка “Laudato si’” – сімвалічны жэст адданасці справе міру і ўстойлівага развіцця з дапамогай мастацтва, кінематографа і культуры.
Фестываль “Алелуя”
Кінафестываль “Алелуя” пройдзе ў Кастэль-Гандольфа з 6 па 13 снежня 2025 года. На працягу тыдня ўдзельнікаў чакаюць кінапаказы, сустрэчы і сведчанні. Мэта падзеі – зрабіць культуру мостам міру паміж рознымі людзьмі і рознымі ідэнтычнасцямі.
Фестываль адкрыецца паказам фільма “Дом Нінэты” (“La casa di Ninetta”) рэжысёра Ліны Састры. Данінай павагі кампазітару Эніа Марыконэ стане паказ фільма “Місія” (“Mission”) Раланда Ёфэ, падчас якога будуць узнагароджаны музыканты Андрэа Марыконэ і Андрэа Грымінелі. Падчас паказу фільма Раберта Беніньі “Жыццё цудоўнае” ("La vita è bella") узнагароду атрымае спявачка Ноа. У праграме таксама такія фільмы, як "Я – капітан” (“Io Capitano”) Матэа Гаронэ на тэму міграцыі і “Я проста хацела жыць” (“Volevo solo vivere”) пра Халакост, а таксама італьянская класіка: “Nuovo Cinema Paradiso”, “Данте”, “Фаціма” і іншыя. Сярод спецыяльных гасцей – рэжысёр Ліліяна Кавані з фільмам “Францішак” і Крысціяна Капатондзі з фільмам “К'яра Любіч. Любоў заўсёды перамагае”.