Дух і здароўе: расце папулярнасць посту сярод нямецкай моладзі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле новага апытання, праведзенага страхавой кампаніяй "DAK-Gesundheit" у Гамбургу, ідэя посту знаходзіць найбольшы водгук менавіта ў людзей ва ўзросце да 30 гадоў.
Ажно 85 працэнтаў маладых рэспандэнтаў лічаць свядомую адмову ад пэўных прадуктаў ці звычак карыснай для сябе. Гэты паказчык дэманструе стабільны рост у параўнанні з мінулымі гадамі, калі ў 2024 годзе ён складаў 76 працэнтаў.
Прыярытэты ўстрымання
Сярод тых, хто гатовы пасціць, большасць выбірае адмову ад алкаголю (75 працэнтаў) і ласункаў (71 працэнт). Цікава, што менавіта ў моладзевым асяроддзі вельмі папулярным з’яўляецца ўстрыманне ад мяса – аб такой гатоўнасці заявілі 66 працэнтаў апытаных у гэтай узроставай катэгорыі. Для параўнання, сярод людзей старэйшых за 60 гадоў прыхільнікаў посту значна менш – каля 62 працэнтаў .
Грамадскі і рэлігійны кантэкст
Даследаванне інстытута "Forsa" таксама выявіла сувязь паміж узроўнем адукацыі і стаўленнем да посту: сярод людзей з вышэйшай адукацыяй ідэю ўстрымання падтрымліваюць 75 працэнтаў, тады як сярод асоб з пачатковай адукацыяй – каля 51 працэнта.
Хоць для многіх матывацыяй з’яўляецца менавіта здароўе, гэтая тэндэнцыя адкрывае цікавую перспектыву. Нават калі чалавек пачынае пост з дыетычных меркаванняў, сама практыка свядомага ўстрымання робіць яго больш чулым да сваіх патрэб і навакольнага свету, што можа стаць першым крокам да духоўнасці. Такім чынам, старажытная касцельная традыцыя набывае новае прачытанне ў сучасным еўрапейскім секулярызаваным грамадстве.
Нагадаем, што сёлета Вялікі пост у Каталіцкім Касцёле пачынаецца ў Папяльцовую сераду, 18 лютага 2026 года.