Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Таронта заклікаў забараніць эўтаназію для хворых

Кардынал Фрэнк Лео накіраваў зварот да прэм’ер-міністра і парламентарыяў Канады з заклікам падтрымаць законапраект, які забараняе прымяненне эўтаназіі для людзей з псіхічнымі захворваннямі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Таронта, кардынал Фрэнк Лео, звярнуўся з лістамі да прэм'ер-міністра Марка Карні і членаў парламента, заклікаючы іх “выбраць жыццё, а не смерць” падчас галасавання па законапраекце C-218.

Гэтая ініцыятыва прапануе ўнесці змены ў Крымінальны кодэкс Канады, каб назаўсёды забараніць медыцынскую дапамогу ў паміранні (MAiD) для асоб, адзінай прычынай пакут якіх з’яўляецца псіхічнае захворванне. На сённяшні дзень пашырэнне праграмы на гэтую катэгорыю людзей запланавана на сакавік 2027 года.

Кардынал адзначыў, што многія канадцы глыбока занепакоеныя імклівым пашырэннем практыкі эўтаназіі з моманту яе легалізацыі ў 2016 годзе.

Паводле афіцыйных даных, за гэты час у краіне было зафіксавана больш за 76 тысяч выпадкаў медыцынскага перапынення жыцця. Іерарх падкрэсліў, што “асіставанае самагубства” супярэчыць годнасці чалавечай асобы і заклікаў улады будаваць цывілізацыю, якая атачае тых, хто пакутуе, любоўю, а не ліквідуе іх.

Архідыяцэзія Таронта стала рухавіком агульнанацыянальнай кампаніі “Дапамога, а не шкода” (“Help Not Harm”). Праз адмысловы партал вернікі ўжо накіравалі каля 5 тысяч лістоў сваім прадстаўнікам у парламенце з патрабаваннем падтрымаць абмежавальныя меры.

Нармалізацыя “асіставанага самагубства” падрывае культуру спачування і аслабляе інвестыцыі ў паліятыўную дапамогу.

Кардынал Лео таксама заклікаў прэм'ер-міністра дазволіць свабоднае галасаванне па гэтым пытанні, паколькі яно закранае глыбокія маральныя і этычныя перакананні, якія стаяць вышэй за партыйную дысцыпліну.

Замест далейшага пашырэння эўтаназіі іерарх прапанаваў прыярытэтна інвеставаць у рэсурсы для псіхічнага здароўя і падтрымку людзей з інваліднасцю і пажылых, якія ўсё часцей сутыкаюцца з ізаляцыяй.
 

28 красавіка 2026, 13:03