Пошук

Францішак і Серджа Матарэла Францішак і Серджа Матарэла  

Італія памятае: прэзідэнт пра Папу Францішка

Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра Папу Францішка ў першую гадавіну яго смерці, падкрэсліўшы глыбокі след Пантыфіка ў гісторыі і сумленні людзей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На старонках ватыканскага выдання "L’Osservatore Romano" з’явіўся незвычайны і кранальны тэкст. Яго аўтарам стаў не іерарх ці тэолаг, а кіраўнік італьянскай дзяржавы. Гэты жэст стаў сімвалам глыбокай пашаны, якую італьянскі народ і яго лідар адчуваюць да Наступніка Пятра, які адышоў у вечнасць год таму – 21 красавіка 2025 года.

Прэзідэнт падкрэслівае маральную спадчыну Папы

84-гадовы палітык, які займае пасаду з 2015 года, падпісаў свой артыкул проста: "Серджа Матарэла". У тэксце, апублікаваным 21 красавіка 2026 года, прэзідэнт адзначае, што італьянцы з любоўю і ўдзячнасцю захоўваюць памяць пра Францішка і яго вучэнне.

На думку Матарэлы, Пантыфік пакінуў пасля сябе незнішчальны след не толькі ў жыцці Касцёла, але і ва ўсім чалавецтве, асабліва ў душах тых, хто прагне справядлівасці і міру.

Асаблівае месца ў разважанні прэзідэнта займае зварот да часоў пандэміі. Матарэла нагадаў пра сімвалічны момант 27 сакавіка 2020 года, калі Францішак маліўся на пустой плошчы перад Базілікай Святога Пятра. У той цяжкі час голас Папы стаў голасам усёй людской сям’і, даючы суцяшэнне свету, ахопленаму страхам.

Францішак быў нястомным паслом міру да самага канца

Асабістыя сустрэчы з Пантыфікам італьянскі лідар называе "цвярозымі і глыбокімі", лічачы іх каштоўнай спадчынай для сябе. Нават падчас доўгай і цяжкай хваробы Францішак не спыняў сваю місію амбасадара любові. Матарэла падсумоўвае, што навучанне Папы застаецца крыніцай надзеі для кожнага чалавека добрай волі, які шукае шлях да згоды.
 

22 красавіка 2026, 10:34