Блакада дабрачыннасці: хрысціяне Лівана засталіся без дапамогі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Велікодную нядзелю спадзяванні жыхароў паўднёвага Лівана на атрыманне сарака тон лекаў і рэчаў першай патрэбы азмрочыліся горкім расчараваннем. Канвой, які рыхтаваўся пад эгідай апостальскага нунцыя, быў адменены мясцовымі ўладамі праз небяспеку. Сітуацыя пагаршаецца тым, што ліванская армія пачала адводзіць свае сілы з памежжа пад ціскам ізраільскага наступлення, пакідаючы хрысціянскія вёскі на волю лёсу.
Мараніцкі Патрыярх кардынал Бешара Бутрас Раі выказаў глыбокую горыч. Ён нагадаў, што жыхары такіх паселішчаў, як Дэбель, Рмейш і Айн-Эбель, застаюцца ўнутры так званай блакітнай лініі – абшару, які Ізраіль патрабуе неадкладна пакінуць. Замест чаканага велікоднага зацішша рэгіён сутыкнуўся з ростам баявых дзеянняў, у якой хрысціяне сталі заложнікамі чужой вайны.
Каталіцкія дабрачынныя арганізацыі, якія разам з арцыбіскупам Паола Борджыа рыхтавалі гэтую місію, выступілі з сумеснай заявай. Яны падкрэслілі, што блакіраванне дапамогі ставіць пад пагрозу само існаванне бяззбройных людзей. Гэтыя вернікі адмаўляюцца пакідаць родныя хаты, нягледзячы на пастаянныя патрабаванні эвакуацыі.
Паводле звестак мясцовага святара Нагіба Аміля, жыццё ў адрэзаных вёсках становіцца невыносным: дарогі перакрытыя, а харчавання засталося максімум на два месяцы. Тым не менш, мясцовыя супольнасці здолелі зладзіць сціплыя набажэнствы Вялікага тыдня.