Пошук

Расійскія стратэгічныя ракетныя комплексы праязджаюць па Чырвонай плошчы ў Маскве падчас ваеннага парада Расійскія стратэгічныя ракетныя комплексы праязджаюць па Чырвонай плошчы ў Маскве падчас ваеннага парада  (AFP or licensors)

Біскупы ЗША і Японіі: свет саслізгвае ў ядзерную бездань

Іерархі ЗША і Японіі б’юць у звон: глабальная бяспека пад пагрозай у выніку адмовы ядзерных дзяржаў ад рэальнага раззбраення і маштабнай мадэрнізацыі арсеналаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскупы Сіэтла, Санта-Фэ, Нагасакі і Хірасімы выступілі з сумеснай заявай да XI Канферэнцыі па Дамове аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў штаб-кватэры ААН. Духоўныя лідары падкрэслілі, што свет адступае назад, пакуль ядзерныя дзяржавы інвестуюць у “вечнае” захаванне сваіх смяротных арсеналаў.

Гэта адбываецца на фоне прызнання Генеральнага сакратара ААН, што кантроль над узбраеннямі дажывае апошнія дні. Духоўныя лідары лічаць мадэрнізацыю зброі здрадай асноўным прынцыпам міжнароднага даверу.

Біскупы нагадалі, што Папа Францішак лічыў амаральным нават само валоданне атамнай зброяй. Яны працытавалі пасланне Папы Льва XIV на Сусветны дзень міру 2026 года, дзе Пантыфік назваў ядзернае стрымліванне ірацыянальнай сістэмай, пабудаванай на страху і панаванні сілы, а не на справядлівасці.

Паводле “OSV News”, іерархі рэзка раскрытыкавалі дзевяць ядзерных дзяржаў за ўхіленне ад перамоў. Яны адзначылі, што пакуль Расія і ЗША захоўваюць тысячы боегаловак, Дамова аб нераспаўсюджванні губляе сэнс.

Касцёл працягвае настойваць на поўнай забароне атамнай зброі, бачачы ў гэтым адзіны шлях да выратавання чалавецтва.
 

29 красавіка 2026, 11:44