Пошук

Падчас аднаго з перадвыбарчых мітынгаў у Багаце Падчас аднаго з перадвыбарчых мітынгаў у Багаце  (AFP or licensors)

Епіскапат Калумбіі: голас сумлення перад выбарамі

Перад прэзідэнцкімі выбарамі, якія пройдуць 31 мая 2026 года, Каталіцкі Касцёл у Калумбіі прапанаваў вернікам этычныя арыенціры для прыняцця адказнага рашэння падчас галасавання.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Калумбійскі епіскапат у сваім звароце да грамадзян падкрэслівае неабходнасць пераадолення палітычнага фанатызму і палярызацыі.

Біскупы адзначаюць, што галасаванне – гэта не толькі грамадзянскае права, але і маральны абавязак. Хрысціянін, на думку іерархаў, павінен абіраць не “выратавальнікаў” ці асоб з прэтэнзіяй на “месіянізм”, а канкрэтныя праграмы, у цэнтры якіх стаіць годнасць чалавека, сацыяльная справядлівасць і клопат пра супольны дом.

Галоўныя прыярытэты: жыццё, мір і справядлівасць

Епіскапат вылучае чатыры ключавыя крытэрыі для ацэнкі кандыдатаў. Сярод іх – няўхільная абарона жыцця і міру, што прадугледжвае бяспеку грамадскіх актывістаў і выкананне пагадненняў з тымі, хто склаў зброю. Таксама біскупы звяртаюць увагу на важнасць сацыяльнай справядлівасці, заклікаючы выбіраць праграмы, накіраваныя на рэальнае памяншэнне няроўнасці ў краіне.

Асобнае месца ў звароце займае пытанне маральнай чысціні палітыкаў. Біскупы заклікаюць аддаваць перавагу кандыдатам з даказанай сумленнасцю, здольным супрацьстаяць карупцыі. Гэтую з’яву іерархі называюць “гангрэнай, якая крадзе хлеб у бедных”.

Акрамя таго, Касцёл настойвае на адмове ад мовы нянавісці і насілля, якія робяць немагчымым сапраўднае грамадскае сяброўства.

Малітва і бесстароннасць духавенства

Напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога вернікаў заклікаюць да малітвы аб духоўным распазнанні і супакоі. Епіскапат звярнуўся і да святароў з просьбай захоўваць строгую бесстароннасць і душпастырскую мудрасць. Духавенства павінна пазбягаць любых палітычных сімпатый, каб не паглыбляць падзелы ў грамадстве.

Выбарчая кампанія праходзіць у напружаных умовах. Паводле апытанняў, лідарам з’яўляецца 63-гадовы сенатар Іван Сэпеда, якому супрацьстаяць Абеларда дэ ла Эспрыэлья і Палома Валенсія. На фоне росту тэрору з боку ўзброеных груп, такіх як “Estado Mayor Central”, дзяржава ўзмацніла меры бяспекі, а Касцёл працягвае нагадваць пра важнасць мірнага шляху.
 

22 мая 2026, 09:50