Арцыбіскуп Галахер у Каба-Вердэ: паўстагоддзя сяброўства
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прыняў удзел ва ўрачыстай канферэнцыі ў Каба-Вердэ. Ён перадаў прывітанне і апостальскае благаслаўленне ад Папы Льва XIV, назваўшы сябе пілігрымам на гэтых астравах.
Візіт стаў не проста фармальнасцю, а глыбокім аналізам гістарычнага шляху, які прайшлі Святы Пасад і маладая афрыканская дзяржава за апошнія дзесяцігоддзі.
Гістарычныя карані і духоўная ідэнтычнасць
Як адзначыў высокі ватыканскі дыпламат, прысутнасць Каталіцкага Касцёла на архіпелагу пачалася яшчэ ў 1462 годзе, калі першыя місіянеры ступілі на гэтыя землі. Хрысціянства стала не проста рэлігіяй, а падмуркам самой “кабавердыянскасці” – унікальнай культурнай ідэнтычнасці народа.
Арцыбіскуп Галэхер нагадаў пра знакавую сустрэчу 1970 года, калі Папа Павел VI прыняў лідараў вызваленчых рухаў, у тым ліку Амілкара Кабрала. Гэты жэст, які каштаваў Святому Пасаду часовага разрыву з Партугаліяй, прадэманстраваў рашучасць Касцёла ў падтрымцы правоў каланізаваных народаў яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння незалежнасці Каба-Вердэ ў 1975 годзе.
Сучаснае супрацоўніцтва і “дыпламатыя надзеі”
Сённяшнія адносіны паміж бакамі грунтуюцца на агульных каштоўнасцях: абароне жыцця, сям’і, рэлігійнай свабодзе і шматбаковасці ў міжнародных справах.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што Касцёл не прэтэндуе на прывілеі, а толькі просіць прасторы для свабоды, каб служыць людзям у сферах адукацыі і аховы здароўя. Важным крокам у гэтым кірунку стала зацвярджэнне ўрадам пратакола па прымяненні пагаднення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Каба-Вердэ.
Сярод галоўных клопатаў сучаснасці ватыканскі іерарх назваў кліматычны крызіс, праблему нелегальнай міграцыі і рызыкі. Ён даверыў народ апецы Маці Божай Ласкавай, выказаўшы надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва дзеля агульнага дабра.