Нунцый Кульбокас: на пятым годзе вайны ва Украіне расце вера
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На пятым годзе поўнамаштабнага канфлікту Украіна сутыкаецца з беспрэцэдэнтным псіхалагічным і фізічным вычарпаннем. У размове з прадстаўнікамі Папскага дабрачыннага фонда "Дапамога Касцёлу ў патрэбе" арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас падкрэсліў, што доўгатэрміновы стрэс, хранічны недахоп сну ў выніку начных абстрэлаў і адсутнасць базавых умоў жыцця сталі штодзённасцю для мільёнаў.
Асабліва суровай выдалася апошняя зіма, калі многія сем’і засталіся без ацяплення і электрычнасці, спадзеючыся толькі на генератары і дапамогу гуманітарных арганізацый.
Вайна таксама кардынальна змяніла карту краіны: у той час як адны гарады амаль апусцелі, іншыя рэгіёны ператварыліся ў цэнтры для шматлікіх перасяленцаў, што стварае велізарную нагрузку на мясцовую інфраструктуру.
Нягледзячы на небяспеку, Каталіцкі Касцёл не пакідае сваіх вернікаў. Святары і законныя асобы працягваюць аказваць як матэрыяльную, так і духоўную падтрымку, часта рызыкуючы жыццём. Паводле слоў прадстаўніка Папы, душпастыры знаходзяцца непасрэдна на лініі фронту і ў бамбасховішчах, дзе іх галоўная місія – проста быць побач, маліцца і здзяйсняць святую Імшу ў надзвычайных умовах.
Гаворка ідзе пра вызваленне ваеннапалонных, дапамогу перасяленцам і намаганні па вяртанні ўкраінскіх дзяцей з Расіі. Гэтая дзейнасць патрабуе тонкай дыпламатыі і пастаяннага супрацоўніцтва.
Папскі фонд "Дапамога Касцёлу ў патрэбе" застаецца адным з ключавых партнёраў у гэтай місіі, забяспечваючы парафіі генератарамі, палівам і падтрымліваючы адукацыю будучых святароў, якія стануць апорай для змучанага вайной народа.