Пошук

Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку 

Святы Пасад у ААН: мір без ядзернага страху

Святы Пасад у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый заклікаў спыніць мадэрнізацыю ядзерных арсеналаў і выключыць выкарыстанне штучнага інтэлекту ў сістэмах кіравання зброяй дзеля сапраўднага міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас адзінаццатай Канферэнцыі па разглядзе дзеяння Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў Нью-Ёрку прадстаўнікі Святога Пасада выступілі з праграмнай заявай. Галоўны пасыл дыпламатыі Касцёла – неабходнасць пераадолення мадэлі бяспекі, якая трымаецца на страху, пагрозе сілай і ўзаемнай уразлівасці.

Спасылаючыся на словы Папы Льва XIV, місія Святога Пасада падкрэсліла, што калі мір не з’яўляецца рэальнасцю, якую людзі культывуюць і абараняюць, то агрэсія непазбежна пранікае ў грамадскае жыццё.

Сённяшняя логіка супрацьстаяння ў сусветнай палітыцы толькі паглыбляе нестабільнасць, у той час як велізарныя рэсурсы, неабходныя для ўстойлівага развіцця чалавецтва, марнуюцца на нарошчванне ядзернай моцы і мадэрнізацыю арсеналаў.

Святы Пасад настойвае на поўным выкананні абавязацельстваў па раззбраенні, лічачы гэта не далёкай марай, а неадкладным маральным абавязкам.

Асобную трывогу выклікае імклівае ўкараненне штучнага інтэлекту ў ядзерныя сістэмы. Тэхналогіі, якія здольныя прымаць рашэнні замест чалавека, нясуць у сабе глыбокія этычныя і экзістэнцыяльныя рызыкі, паколькі яны скарачаюць час на роздум у крызісныя моманты і павялічваюць верагоднасць памылковай эскалацыі.

Менавіта таму Святы Пасад заклікае ўсе дзяржавы далучыцца да Дагавора аб забароне ядзернай зброі, каб пабудаваць будучыню на падмурку даверу і дыялогу, а не на застрашванні, якое пагражае знішчэннем усяму чалавецтву.
 

02 мая 2026, 11:22