Пошук

Pope Leo presents his first, AI-focused encyclical "Magnifica humanitas" at the Vatican

Рэакцыя тэхналагічных лідараў і палітыкаў на энцыкліку Льва XIV

Міжнародныя эксперты, палітыкі і кіраўнікі тэхналагічных кампаній дзеляцца меркаваннем аб энцыкліцы "Magnifica humanitas", прысвечанай будучыні штучнага інтэлекту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Выхад першай энцыклікі Папы Льва XIV "Magnifica humanitas" 25 мая 2026 года выклікаў шырокі рэзананс у самых розных колах. Міжнародны партал "Business Insider" сабраў каментарыі лідараў тэхналагічнага свету і палітыкаў, адзначаючы, што ў пераважнай большасці водгукі маюць станоўчы характар. Сёння многія спрабуюць асэнсаваць папскае бачанне развіцця сучасных тэхналогій.

Ад эканамічных выгод да пагрозы татальнага кантролю – папскі дакумент закрануў самыя вострыя праблемы сучаснасці, выклікаўшы дыскусію аб будучыні чалавецтва.

Тэхналагічны інвестар і былы дарадца Белага дома Дэвід Сакс падтрымаў думку Пантыфіка аб тым, што штучны інтэлект павінен быць інструментам дапамогі, а не сродкам для "дамінавання або выключэння".

Разам з тым ён задаўся пытаннем аб межах дзяржаўнага кантролю: "Як мы прадухілім выкарыстанне гэтай улады для цэнзуры і сачэння за грамадзянамі?". На думку Сакса, старажытныя пытанні пра прыроду чалавека і ўладу набываюць у эпоху новых тэхналогій асаблівую актуальнасць.

У дыскусію ўключыўся і заснавальнік кампаніі "Boom Technology" Блэйк Шол. Ён выказаў меркаванне, што тэхналагічныя рэвалюцыі звычайна не проста скарачаюць працоўныя месцы, але адкрываюць новыя перспектывы. На яго думку, празмерная асцярожнасць адносна змен у сферы занятасці магла б стаць перашкодай для прагрэсу чалавецтва, падобна да таго, як калісьці машыны прыйшлі на замену цяжкай ручной працы на палях.

Навуковая супольнасць высока ацаніла папскае пасланне. Даследчык штучнага інтэлекту Ішуа Бенжыа адзначыў, што Святы Пасад павінен удзельнічаць у сусветным дыялогу для мабілізацыі грамадства перад тварам новых выклікаў. Гэтую думку падзяліў і інжынер Танішк Мэцью Абрахам, заўважыўшы, што Касцёл заняў вельмі ўзважаную пазіцыю: тэхналогія не з'яўляецца "злой па сваёй сутнасці", але яна "ніколі не бывае нейтральнай".

Пытанне манаполіі на веды і захавання чалавечай ідэнтычнасці выходзіць на першы план глабальнай дыскусіі.

Сенатар Крыс Мэрфі падкрэсліў важнасць папярэджання Папы аб недапушчальнасці манаполіі тэхналагічных лідараў. Ён адзначыў, што штучны інтэлект нясе пагрозу "асноўным стаўпам чалавечнасці", спрабуючы замяніць такія фундаментальныя функцыі, як творчасць, сяброўства і крытычнае мысленне.

Асобную ўвагу прыцягнуў каментарый публіцыста Джэральда Леа Познера. Ён назваў дакумент "Jesus AI", бачачы ў ім увасабленне таго, як выглядаў бы штучны інтэлект, створаны паводле бачання Льва XIV. Журналіст лічыць гэты момант гістарычным, паколькі ў папскім тэксце ёсць спроба акрэсліць этычныя межы для Крэмніевай даліны, хоць і выказвае перасцярогу, што тэхналагічны сектар можа вельмі хутка перасягнуць прапанаваныя ў энцыкліцы агульныя прынцыпы бяспекі.

Пасол ЗША пры Святым Пасадзе Браян Бёрч, які прысутнічаў на прэзентацыі дакумента ў панядзелак 25 мая 2026 года, заявіў, што амерыканская адміністрацыя падзяляе імкненне да таго, каб новыя тэхналогіі служылі чалавецтву. Ён падкрэсліў, што Злучаныя Штаты хочуць будаваць сістэмы, якія "адлюстроўваюць дэмакратычныя каштоўнасці, а не аўтарытарны кантроль".

Падсумоўваючы першыя водгукі, палітык Крыстафер Хейл заўважыў, што многія недаацанілі імгненны і велізарны ўплыў энцыклікі. Паводле яго слоў, сёння Каталіцкі Касцёл валодае "вялікай глабальнай сілай уздзеяння" нават сярод тых, хто раней лічыў яго голас неактуальным.
 

26 мая 2026, 10:29