Нямецкі ваенны ардынарый назваў абарончыя выдаткі этычным крокам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Біскуп Эсэна Франц-Ёзэф Овербек пракаментаваў каталіцкаму агенцтву “KNA” праект новага дзяржаўнага бюджэту. Ён падкрэсліў, што ва ўмовах існуючых пагроз інвестыцыі ў бяспеку з'яўляюцца неабходнасцю, а абарона людзей і захаванне міру могуць стаць сур'ёзным этычным абавязкам для краіны і ўсёй Еўропы.
"Ніхто не можа радавацца таму, што сёння мы зноў вымушаны гаварыць пра ўзбраенне", - заўважыў ваенны ардынарый. Аднак ён дадаў, што адначасова трэба зрабіць усё магчымае для прадухілення вайны. Іерарх заклікаў гарантаваць мір праз дыялог і паразуменне.
У панядзелак нямецкі ўрад зацвердзіў праект федэральнага бюджэту на 2027 год і фінансавы план да 2030 года. На абарону плануюць выдзеліць каля 109,7 мільярда еўра. Гэтая сума на траціну перавышае выдаткі 2026 года. Да 2030 года гэты артыкул выдаткаў павінен вырасці да 183,7 мільярда еўра.