Пошук

Леў XIV сярод вернікаў у Санта-Крус Леў XIV сярод вернікаў у Санта-Крус  (@Vatican Media)

На Тэнэрыфэ падвялі грамадскія і фінансавыя вынікі візіту Папы

Падарожжа Льва XIV на іспанскі востраў Тэнэрыфэ прынесла рэгіёну значную эканамічную карысць і спрыяла сацыяльнай згуртаванасці мясцовых жыхароў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Візіт Папы на Канарскія астравы стаў адметнай падзеяй не толькі ў духоўным, але і ў эканамічным жыцці рэгіёну. Згодна з даследаваннем, якое апублікавалі ў панядзелак, 6 ліпеня 2026 года, у сталіцы вострава Санта-Крус, знаходжанне Пантыфіка прынесла Тэнэрыфэ даход у памеры 5,71 мільёна еўра. Аб гэтым піша нямецкае каталіцкае агенцтва “KNA”.

Гэтая лічба адлюстроўвае істотную фінансавую падтрымку для мясцовага бізнесу. Найбольшую выгаду ад гэтага прыезду атрымалі мясцовыя прадпрыемствы – сфера гастраноміі, гасцінічны сектар і транспартныя кампаніі. Падарожжа адбылося 12 чэрвеня 2026 года.

Галоўнай падзеяй падарожжа стала святая Імша, якую Леў XIV цэлебраваў у порце Санта-Крус. Афіцыйныя звесткі сведчаць, што ў літургіі ўдзельнічалі больш за 47 тысяч чалавек. Для большасці прысутных гэта была мэтавая паездка. Амаль 90 працэнтаў удзельнікаў прыбылі на іспанскі востраў менавіта дзеля гэтай урачыстасці. Пры гэтым сярэднія выдаткі аднаго чалавека склалі каля 80 еўра.

Акрамя матэрыяльных паказчыкаў, эксперты адзначаюць важныя нематэрыяльныя вынікі. Даследаванне паказвае, што візіт Папы значна павысіў міжнародны імідж Тэнэрыфэ як папулярнага месца для адпачынку.

Наведванне Пантыфіка пакінула глыбокі след і ў грамадстве. Аналіз зафіксаваў выразны станоўчы ўплыў на сацыяльную згуртаванасць сярод мясцовага насельніцтва.
 

07 ліпеня 2026, 08:52