“Caritas” Венесуэлы размеркавала 14,7 тысяч тон гуманітарнай дапамогі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Паведамляецца што, у Венесуэлу было дастаўлена каля 14,7 тысяч тон гуманітарнай дапамогі, з якіх 9 тысяч тон былі адразу размеркаваныя сярод пацярпелых, а яшчэ 5,7 тысяч тон прызначаны для наступных этапаў гуманітарнай аперацыі. Акрамя таго, у 26 пунктах дапамогі ў Каракасе і Ла-Гуайре насельніцтву было перададзена 73 356 адзінак медыцынскіх прэпаратаў і сродкаў медыцынскага прызначэння. “Caritas” таксама размеркавала 8 тысяч камплектаў дапамогі, 5 тысяч харчовых набораў, 3 тысячы гігіенічных набораў і 1 тысячу камплектаў для выратавальных каманд.
Гуманітарная аперацыя была арганізавана ў адказ на землятрусы магнітудамі 7,2 і 7,5 балаў, якія 24 чэрвеня 2026 года спустошылі паўночную частку Венесуэлы і прывялі да гібелі больш за 3800 чалавек. З першых гадзін пасля трагедыі “Caritas” Венесуэлы задзейнічала сваю дыяцэзіяльную і парафіяльную сетку, каб падтрымаць найбольш пацярпелыя супольнасці ў Ла-Гуайры і некалькіх рэгіёнах цэнтральнай і заходняй часткі краіны.
Найбольшую частку гуманітарнай дапамогі ў першыя дні складала вада – 4031 тона. Яшчэ 3247 тон прыйшлося на харчаванне. Поўны набор гуманітарнай дапамогі атрымалі больш за 8 тысяч сем’яў, або каля 32-40 тысяч чалавек. Ім было перададзена каля 730 тысяч харчовых набораў.
У гуманітарнай аперацыі было задзейнічана 3360 валанцёраў: у сярэднім каля 280 чалавек у дзень. Кожны з іх прысвяціў дапамозе пацярпелым у сярэднім 7,5 гадзін у дзень. Да мясцовых валанцёрскіх груп далучыліся таксама каманды з Пуэрта-Рыка і Чылі.
Падтрымку аказвае і міжнародная сетка “Caritas”, у тым ліку арганізацыі з ЗША, Лацінскай Амерыкі і Карыбскага рэгіёна, а таксама з Іспаніі і Германіі. Іх спецыялісты супрацоўнічаюць з мясцовымі экспертамі ў такіх галінах, як водазабеспячэнне і санітарыя, кіраванне рызыкамі, харчаванне і жыллё. “Caritas” Італіі вядзе збор сродкаў на дапамогу ахвярам катастрофы. Канферэнцыя Біскупаў Італіі выдзеліла 500 тысяч еўра на тэрміновыя патрэбы.