Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: забяспечыць доступ да інфармацыі пра COVID-19

Сусветны крызіс, выкліканы пандэміяй, можа стаць “нагодай для будавання больш братэрскага і спагадлівага грамадства”, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пра АБСЕ.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Мансеньёр Януш Урбанчык узяў слова падчас Азіяцкай канферэнцыі на тэму: “Сумесны адказ на тэрміновыя выклікі дзеля ўмацавання глабальнай бяспекі”. Форум праходзіў 20-21 верасня 2021 г. у анлайн-фармаце па ініцыятыве Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

“Надзвычайная эпідэмічная сітуацыя нагадала нам пра ўразлівасць чалавечага жыцця і паказала нашу ўзаемазалежнасць”, а таксама тое, што “адказныя паводзіны і салідарнасць з’яўляюцца фундаментальнымі для таго, каб не ставіць пад пагрозу жыццё іншых людзей”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

Ватыканскі дыпламат заклікаў захоўваць увагу да найбольш уразлівых слаёў насельніцтва, каб не дапускаць росту няроўнасці і сацыяльнай ізаляцыі. Неабходна прыняць меры для абароны бедных, мігрантаў, вязняў, людзей, якія жывуць у трушчобах, знаходзяцца ў лагерах для бежанцаў і турмах, - дадаў святар.

Прадстаўнік Святога Пасаду звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць роўнага доступу да інфармацыі, асабліва адносна сітуацыі з СOVID-19. “Без роўнага доступу да адказнай, празрыстай і актуальнай інфармацыі ўзнікае пагроза распаўсюджвання какафоніі непацверджаных гіпотэз, што можа значна павялічыць рызыкі для бяспекі і здароўя” ўсіх і кожнага, - сцвердзіў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры АБСЕ.
 

22 верасня 2021, 11:44