Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у АБСЕ: свабода веравызнання – аснова міра і бяспекі

Апостальская Сталіца жадае, каб перыяд старшынства Польшчы ў АБСЕ ў 2022 годзе, быў пазначаны намаганнямі гэтай арганізацыі на карысць абароны рэлігійнай свабоды.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) ксёндз Януш Урбанчык прыняў удзел у спецыяльным пасяджэнні з нагоды пачатку старшынства Польшчы ў гэтай структуры, якое прайшло ў Вене. Ён заўважыў, што АБСЕ можа і павінна надалей адыгрываць вырашальную ролю ў забеспячэнні бяспекі і стабільнасці на сваім абшары дзейнасці, а таксама па-за ім, як рэгіянальная арганізацыя па бяспецы.

Дыпламат працытаваў словы Святога Айца з паслання на сёлетні Сусветны дзень міру пра тое, што ў свеце ўмацоўваецца грукат войнаў і канфліктаў, хваробы распаўсюджваюцца ў пандэмічным вымярэнні, абвастраюцца наступствы кліматычных змен і дэградацыі навакольнага асяроддзя, паглыбляецца трагедыя голаду і недахопу пітной вады, а таксама пануе эканамічная мадэль, якая грунтуецца на індывідуалізме, а не на салідарным дзяленні.

Святар нагадаў, што ў сёлетняй прамове да дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы, Папа выказаў занепакоенасць з прычыны памяншэння эфектыўнасці многіх міжнародных арганізацыі ў барацьбе з сучаснымі выклікамі, бо іх павестка дня ўсё больш дыктуецца “мысленнем, што адмаўляе натуральныя асновы чалавецтва і культурныя карані, якія складаюць самабытнасць многіх народаў”.

Ватыканская дэлегацыя павіншавала Польшчу з пачаткам старшынства ў АБСЕ, выказваючы пажаданне, каб у гэты перыяд прыкладаліся намаганні на карысць абароны рэлігійнай свабоды, якая, паводле святога Яна Паўла ІІ, “паказвае, на якім узроўні паважаюцца ўсе іншыя правы чалавека”.

“У гэтым кантэксце мы маем надзею, што асаблівая ўвага будзе прысвечана пастаяннаму росту нецярпімасці і дыскрымінацыі ў адносінах да хрысціян, юдэяў, мусульман і вызнаўцаў іншых рэлігій. Гэтыя ганебныя з’явы не толькі з’яўляюцца парушэннем рэлігійнай свабоды, але могуць таксама выклікаць насілле і канфлікты ў вялікім маштабе, пагражаючы такім чынам бяспецы і стабільнасці абшару АБСЕ, і таму, ствараючы пагрозу для мірных адносін паміж краінамі-членамі арганізацыі”, - сцвердзіў ксёндз Урбанчык, выказваючы перакананне ў тым, што АБСЕ з’яўляецца важным элементам будавання спакою.
 

14 студзеня 2022, 08:55