Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Зала Друку: ліпень без агульных аўдыенцый

“Агульныя аўдыенцыі, якія праходзяць па серадах, будуць прыпынены, як гэта звычайна адбываецца ў ліпені. Іх правядзенне адновіцца ў сераду 3 жніўня”, - паінфармавала Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На працягу ліпеня, тым не менш, Францішак працягне сустракацца з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якую праводзіць кожную нядзелю з вакна Апостальскага палацу ў Ватыкане.

Акрамя таго, 3 ліпеня 2022 года Папа будзе цэлебраваць святую Імшу для кангалезскай супольнасці Рыма. Яна пройдзе ў ватыканскай базыліцы святога Пятра і стане важным момантам увагі Францішка на народу Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, падарожжа ў якую адклаў па просьбе лекараў, каб не паставіць пад пагрозу вынікі тэрапіі каленнага суставу.

Візіт Пантыфіка ў Афрыку, у праграме якога было таксама наведванне Паўднёвага Судана, першапачаткова планаваўся на 2-7 ліпеня 2022 года. Замест яго ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан у гэтыя дні адправіўся кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін.

У сваю чаргу пакуль застаецца актуальным намер Святога Айца здзейсніць доўгачаканае Апостальскае падарожжа ў Канаду. Гэта візіт адбудзецца з 24 па 29 ліпеня, а яго галоўнай мэтай стане сустрэча з супольнасцямі карэнных народаў.
 

01 ліпеня 2022, 13:09