Пошук

Кардынал Марк Уэле. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Марк Уэле. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Уэле пра прапановы нямецкага сінадальнага шляху

L’Osservatore Romano апублікавала тэкст прамовы кардынал Марка Уэле, скіраванай 18 лістапада 2022 года да біскупаў Германіі, якія знаходзіліся ў Рыме з візітам ad limina Apostolorum.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў пачаў з пахвалы нямецкіх іерархаў за іх сур’ёзны адказ на крызіс злоўжыванняў, які ўзрушыў католікаў краіны і прывёў да масавага адыходу вернікаў ад Касцёла. Аднак ён адзначыў, што прапановы сінадальнага шляху выклікаюць “сур’ёзныя цяжкасці з антрапалагічнага, пастырскага і эклезіялагічнага пункту гледжання”.

Спасылаючыся на абвінавачванні, якія гучалі ў адказ сінадальнага шляху ў Германіі, канадскі курыяльны кардынал прызнаўся, што разумее, што нямецкія біскупы не імкнуцца разарваць еднасць з Паўсюдным Касцёлам, але ідуць на саступкі пад вельмі моцным культурным і медыйным ціскам.

“Аднак уражвае, што парадак дня абмежаванай групы тэолагаў за некалькі дзесяцігоддзяў раптам стаў прапановай большасці нямецкага епіскапату: адмена абавязковага цэлібату, пасвячэнне viri probati, доступ жанчын да святарскага служэння, маральная пераацэнка гомасексуалізму, структурная і функцыянальная рэдукцыя іерархічнай улады, разуменне сексуальнасці, натхнёнае гендэрнай тэорыяй, прапановы важных змен у Катэхізіс Каталіцкага Касцёла і гэтак далей”, - заявіў ён.

Кардынал адзначыў, што многія з вернікаў і назіральнікаў не разумеюць, што адбылося. “Цяжка пазбегнуць уражання, што надзвычай сур’ёзны выпадак злоўжыванняў быў выкарыстаны для прасоўвання іншых ідэй, не звязаных непасрэдна з імі”, - сказаў прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў.

Іерарх дадаў, што нямецкі сінадальны шлях, здаецца, накіраваны на “змену Касцёла”, а “не толькі на душпастырскія інавацыі ў маральнай або дагматычнай сферы”, сцвярджаючы, што гэта “шкодзіць супольнасці Касцёла, бо сее сумневы і блытаніну сярод Божага народа”.

Кардынал абвінаваціў арганізатараў сінадальнага шляху ў тым, што яны не прынялі метад сапраўднай рэформы, прапанаваны Папам у лісце да нямецкіх католікаў ад 29 чэрвеня 2019 года. Уэле падкрэсліў, што, напрыклад, заклік да пасвячэння жанчын адкрыта супярэчыць вучэнню, канчаткова пацверджанаму Янам Паўлам ІІ.

Іерарх заклікаў да мараторыя на прапановы нямецкага сінадальнага шляху і прапанаваў “істотна пераглядзець іх пазней” у святле вынікаў сінадальнага працэсу Паўсюднага Касцёла. Ён адзначыў, што “асноўным матывам гэтага мараторыя з’яўляецца клопат аб еднасці Касцёла, якая грунтуецца на еднасці біскупаў у адзінстве з Пятром і ў паслухмянасці яму”. “Падтрымка гэтай супярэчлівай прапановы епіскапатам у складанай сітуацыі пасее яшчэ больш сумненняў і замяшання сярод Божага народа”, - папярэдзіў прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў.
 

25 лістапада 2022, 11:25