Пошук

У Ватыканскіх музеях адрэстаўраванны ўбранні святых Пятра і Яна

Туніка і далматыка копцка-егіпецкай вытворчасці, датаваныя першымі стагоддзямі хрысціянства і шанаваныя як адзенне святых апосталаў Пятра і Яна, будуць выстаўлены ў Ватыканскіх музеях.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

23 мая 2024 года ў рамках ініцыятывы Музейны чацвер адбудзецца прэзентацыя пад назвай Убранне святых Пятра і Яна – дзве надзвычайныя рэліквіі Sancta Sanctorum. Падчас яе эксперты прадставяць шырокай публіцы старажытныя туніку і далматыку, якія традыцыя і народная пабожнасць прыпісваюць святым апосталам.

Рэліквіі будуць экспанавацца некаторы час у Зале зваротаў Пія ІХ пры выйсці з Сікстынскай капэлы, дзе выстаўлены самыя каштоўныя экспанаты з Папскай капэлы Sancta Sanctorum – скарбніцы базілікі святога Яна на Латэране, якая размяшчаецца ў верхняй частцы санктуарыя Святой Лесвіцы.

Прэзентацыя адбудзецца па выніках рэстаўрацыі гэтых каштоўных экспанатаў, якая праводзілася з 2019 па 2024 год у Майстэрні габеленаў і тканін Ватыканскіх музеяў. Навуковыя даследаванні, праведзеныя ў рамках рэстаўрацыйных прац, дазволілі атрымаць новую інфармацыю аб паходжанні і гісторыі гэтых тэкстыльных вырабаў.

Убранні былі вытканы копцка-егіпецкімі майстрамі. Туніка, якую традыцыя прыпісвае святому Пятру, адносіцца да другой паловы VI – першай паловы VII стагоддзя, а далматыка, якая ўшаноўвалася як адзенне святога Яна Евангеліста, датуецца канцом І – другой паловай ІІ стагоддзя.

Хоць гэта вопратка на самай справе не належала апосталам, але на працягу стагоддзяў карысталіся вялікай пашанай вернікаў. Пры ўважлівым разглядзе былі выяўлены разрэзы ўздоўж падолаў, якія нагадваюць пра шырока распаўсюджаную ў мінулым практыку выкарыстання невялікіх фрагментаў рэліквій для публічнага і прыватнага ўшанавання.
 

21 мая 2024, 13:10