Пошук

Ружанец за здароўе Папы з кардыналам Дэ Данацісам

Увечары 18 сакавіка 2025 года ў Ватыкане прайшла ружанцовая малітва за здароўе Папы Францішка, якую ўзначаліў Вялікі Пенітэнцыярый, кардынал Анджэла Дэ Данаціс.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Вернікі і духавенства сабраліся разам на Плошчы Святога Пятра, каб зноў памаліцца за здароўе Папы Францішка. Падзея мела асаблівае значэнне, паколькі адбылася напярэдадні ўрачыстасці святога Юзафа, да якога Пантыфік мае глыбокую пашану.

"Браты і сёстры, сёння ўвечары мы зноў з дапамогай Ружанца просім Марыю, Аздараўленне хворых, аб здароўі Святога Айца Францішка. Мы таксама наблізіліся да ўрачыстасці святога Юзафа. Мы ведаем, наколькі Папа Францішак адданы святому Юзафу. Менавіта ў дзень гэтага святога ён распачаў сваё служэнне на Пасадзе святога Пятра. Панна Марыя, якая асаблівым чынам удзельнічала ў Таямніцы Крыжа, з'яўляецца дасканалым вобразам мацярынства Касцёла, на які павінен адклікацца кожны ахрышчаны. Як клапатлівая Маці, Яна ззяе знакам надзеі для тых, хто просіць Яе дапамогі”, - з такім уступным словам звярнуўся да прысутных на ватыканскай плошчы кардынал Дэ Данаціс.

Падчас набажэнства пасля радасных таямніц ружанца прагучалі традыцыйныя малітвы, у тым ліку антыфона "Salve Regina" і Ларэтанская літанія. Сустрэча завяршылася малітвай за Папу "Oremus pro Pontifice".

Малітоўная ініцыятыва падкрэсліла моцную сувязь вернікаў з Папам і стала адлюстраваннем духу салідарнасці каталіцкай супольнасці па ўсім свеце.

18 сакавіка 2025, 20:38