Калі чакаць дым над Сікстынскай капэлай?
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Прадстаўнік Святога Пасада нагадаў, што раніцай 7 мая 2025 года кардыналы збяруцца на Імшы “Pro eligendo Pontifice” (Аб выбары Пантыфіка). У 15.45 (тут і далей указаны цэнтральнаеўрапейскі час) адправяцца з Дома святой Марты ў Апостальскі палац, пасля чаго здзейсняць урачысты ўваход у Сікстынскую капэлу, дзе распачнецца канклаў. Аб выніках першага галасавання стане вядома каля 19.00.
Калі ў першы дзень новы Папа абраны не будзе, то ў наступныя дні кардыналы будуць прытрымлівацца наступнага парадку: у 7.45 – пераход з Дома святой Марты ў Апостальскі палац; у 8.15 – святая Імша і Ютрань у Паўлінскай капэле; у 9.15 – пачатак галасавання ў Сікстынскай капэле. Магчымае з’яўленне дыму: пасля 10.30 і пасля 12.00.
У 12.30 кардыналы адправяцца ў Дом святой Марты на адпачынак; у 15.45 – вяртанне ў Апостальскі палац; у 16.30 – пачатак галасавання ў Сікстынскай капэле. Магчымае з’яўленне дыму: пасля 17.30 і пасля 19.00. Калі новы Папы зноў не будзе абраны, кардыналы разам памоляцца Нешпары і каля 19.30 вернуцца ў Дом святой Марты.
Кожны дзень, за выключэннем першага, будуць адбывацца чатыры галасаванні, а спаленне бюлетэняў будзе праводзіцца толькі двойчы – пасля другога і чацвёртага галасавання, за выключэннем сітуацыі, калі новага Папу абяруць падчас першага ці трэцяга галасавання. Таму з’яўленне дыму каля 10.30 і 17.30 трэба чакаць у выпадку станоўчага выніку галасавання, а ў 12.00 і 19.00 – незалежна ад выніку галасавання.