Пошук

Кардынал Джордж Коавакад Кардынал Джордж Коавакад 

Кардынал Коавакад: трывалы мір пачынаецца з гаення глыбокіх ран

Кардынал Джордж Коавакад нагадаў, што рэлігійныя лідары пакліканы спрыяць прадухіленню, вырашэнню і ліквідацыі канфліктаў, намагаючыся быць галасамі міру, а не насілля.

Ян Глінскі

У сталіцы Малайзіі Куала-Лумпуры праходзіць ІІ Міжнародны саміт рэлігійных лідараў. Форум арганізаваны офісам прэм’ер-міністра Малайзіі ў супрацоўніцтве з Мусульманскай сусветнай лігай.

28 жніўня 2025 года ў межах праграмы саміту, які праходзіць на тэму “Роля рэлігійных лідараў у вырашэнні канфліктаў”, выступіў прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу. Кардынал Джордж Коавакад звярнуў увагу на значэнне голасу рэлігійных лідараў у справе будавання міру, якія пакліканы выступаць “супраць насілля і несправядлівай дыскрымінацыі”.

Іерарх назваў некалькі спосабаў, з дапамогай якіх рэлігійныя лідары могуць спрыяць “прадухіленню, вырашэнню і ліквідацыі канфліктаў”. Па-першае, трэба імкнуцца быць “галасамі міру, а не насілля”. “Рэлігійныя лідары ніколі не павінны распальваць нянавісць, – адзначыў кардынал. – Нашае пакліканне больш высокае: прадухіляць зло, вырашаць спрэчкі і ліквідоўваць рознагалоссі”.

Па словах прэфекта, рэлігію “часта абвінавачваюць у тым, што яна з’яўляецца прычынай канфліктаў”. Аднак насамрэч іх корань звычайна крыецца ў “беднасці, няроўнасці, палітычных маніпуляцыях, выключэнні і глыбокіх ранах несправядлівасці”. Як дадаў іерарх, да разладу вядзе “злоўжыванне ўладай”, а таксама “адварочванне чалавечага сэрца ад справядлівасці, спачування і пошуку праўды”. У той жа час кардынал Коавакад заклікаў стаць у праўдзе перад сабой і прызнаць, “што ў нашых традыцыях ёсць асобы і групы, якія ў імя рэлігіі сеялі разлад, здзяйснялі насілле і неслі разбурэнні”. Часам яны нават змянялі ці скажалі “пісанне, традыцыі і гісторыю, каб апраўдаць насілле”, каб пазбавіць іншых “іх законных правоў, у тым ліку свабоды веравызнання”. Рэлігійныя лідары, як падкрэсліў прэфект, пакліканы нагадваць сваім “супольнасцям, што вера ніколі не павінна быць зброяй”.

Прэфект ватыканскай дыкастэрыі перакананы: пакуль “крык параненага чалавецтва і крык параненай зямлі разносіцца па свету”, рэлігійныя лідары не маюць права “спакойна спаць”.

“Мы пакліканы ўзняць свой голас у абарону тых, хто несправядліва пакутуе з прычыны войнаў, – звярнуўся іерарх да ўдзельнікаў саміту. – Рэлігія мае ўнікальную сілу гаіць раны праз прабачэнне, але таксама праз справядлівае прымяненне правасуддзя, не хаваючы праўды”. Як патлумачыў прэфект, “сапраўдны і трывалы мір пачынаецца з загойвання глыбокіх ран чалавецтва”.

Заключны спосаб, прапанаваны кардыналам Коавакадам, заключаецца ў тым, каб мець “мужнасць разбурыць старыя сцены і перастаць узносіць новыя”. Прэфект дыкастэрыі перакананы, што ў свеце, “параненым недаверам, нянавісцю і экстрэмізмам”, рэлігійныя лідары могуць будаваць новыя масты салідарнасці. Міжрэлігійны дыялог, як дадаў іерарх, ужо на працягу дзесяцігоддзяў разбурае бар’еры “страху, невуцтва і нянавісці”.
 

29 жніўня 2025, 12:04