Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Балестрэра: узрост не змяншае каштоўнасці чалавека

Годнасць пажылых людзей павінна стаць прыярытэтам грамадства, падкрэсліў арцыбіскуп Этарэ Балестрэра 17 верасня 2025 года падчас 60-й сесіі Рады па правах чалавека.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН у Жэневе падкрэсліў, што стаўленне да пажылых людзей з’яўляецца маральным выпрабаваннем для сучасных грамадстваў.

Нунцый нагадаў, што ўжо да 2030 года кожны шосты жыхар планеты будзе старэйшы за 60 гадоў, а да 2050 года колькасць пажылых людзей у свеце падвоіцца. Аднак, паводле яго слоў, многія грамадствы ўсё яшчэ недастаткова падрыхтаваныя, каб адказаць на гэты выклік з павагай да крохкасці і годнасці старэйшых.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што каштоўнасць чалавека не залежыць ад маладосці, эфектыўнасці ці фізічнай сілы: “Кожны створаны на вобраз і падабенства Бога, і гэта праўда не можа быць сцёртая нават часам”.

Папскі дыпламат выказаў занепакоенасць тым, што ў некаторых краінах пажылых людзей пачынаюць разглядаць як цяжар для грамадства. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да спроб легалізацыі эўтаназіі і дапаможнага самагубства, што, паводле Святога Пасаду, спрыяе фармаванню “культуры смерці” замест “культуры клопату”.

Арцыбіскуп Балестрэра нагадаў, што забеспячэнне сацыяльнай абароны з’яўляецца ключавым фактарам захавання годнасці пажылых людзей. Гэта ўключае пенсіі, грашовыя выплаты, доступ да медыцынскай і сацыяльнай дапамогі. Ён адзначыў, што многія людзі вымушаныя працягваць працаваць нават у сталым узросце з-за недахопу гарантый, што пазбаўляе іх заслужанага адпачынку і магчымасці перадаваць сваю мудрасць і парады малодшым пакаленням, дапамагаючы ім глядзець у будучыню з надзеяй і адказнасцю.

Асаблівую ўвагу прадстаўнік Святога Пасаду звярнуў на неабходнасць барацьбы з дыскрымінацыяй па ўзросце, асабліва на рынку працы, а таксама на абарону правоў пажылых жанчын, якія павінны мець роўны доступ да сацыяльнай абароны і пенсій.

Іерарх падкрэсліў, што трываласць сістэм сацыяльнай абароны грунтуецца на сувязі паміж пакаленнямі. “Сям’я застаецца асноўным месцам, дзе фармуецца здаровая міжпакаленчая салідарнасць, а ў беднейшых рэгіёнах яна часта з’яўляецца адзінай крыніцай абароны”, - дадаў ён, заклікаўшы дзяржавы інвеставаць у палітыку падтрымкі сям’і.
 

18 верасня 2025, 10:17