Арцыбіскуп Галахер: ядзерная зброя – пагроза глабальнаму міру
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, прыняў удзел у сустрэчы высокага ўзроўню, прымеркаванай да Міжнароднага дня барацьбы за поўную ліквідацыю ядзернай зброі. Яна адбылася 26 верасня 2025 года ў рамках 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью‑Ёрку.
“У гэты год, калі мы адзначаем 80-ю гадавіну першага ядзернага выпрабавання ў штаце Нью‑Мексіка і трагічных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, што адбыліся пасля яго, мы ўзгадваем не толькі глыбокія пакуты, якія прынеслі гэтыя падзеі, але і пастаянную пагрозу, якую ядзерная зброя працягвае ствараць для глабальнага міру, для будучых пакаленняў і для ўсяго стварэння”, - заўважыў іерарх.
Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што ў цяперашнія складаныя часы, пазначаныя ростам напружанасці, паглыбленнем падзелаў і аслабленнем прыхільнасці да шматбаковасці і міжнароднага права, Святы Пасад выказвае глыбокую занепакоенасць трывожнай тэндэнцыяй да пераўзбраення.
“Працяглае і масавае перакідванне рэсурсаў на ўзбраенне замест таго, каб накіроўваць іх на садзейнічанне ўсебаковаму развіццю чалавека і ўсталяванне трывалага міру – непрымальнае і патрабуе аднаўлення міжнароднай адказнасці”, - сцвердзіў ён.
“Святы Пасад асабліва занепакоены рыторыкай, што дапускае магчымасць выкарыстання ядзернай зброі, а таксама актывізацыяй намаганняў па пашырэнні існуючых арсеналаў і стварэнні новых відаў зброі масавага знішчэння. Такія тэндэнцыі ствараюць рызыку нармалізацыі таго, што павінна заставацца катэгарычна непрымальным, і даюць новыя імпульсы для вытворчасці і валодання ядзернай зброяй. Больш за тое, яны падрываюць далікатную і ўсё яшчэ не дасягнутую архітэктуру раззбраення, якая фармавалася на працягу дзесяцігоддзяў”, - дадаў прадстаўнік Папы.
Яшчэ адной прычынай заклапочанасці арцыбіскуп Галахер назваў узнікненне новай гонкі ўзбраенняў, характарызаванай інтэграцыяй штучнага інтэлекту ў ваенныя сістэмы. Прынцып ядзернага стрымлівання, па словах іерарха, асабліва праблематычны, бо паглыбляе недавер і робіць перспектыву раззбраення ўсё больш недасяжнай.
“Міжнародная супольнасць павінна аднавіць сваю прыхільнасць да раззбраення і даверу праз дыялог. Дзяржавы павінны выконваць свае міжнародныя абавязацельствы, уключаючы павагу да мандата Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ)”, - сцвердзіў Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Арцыбіскуп Галахер ад імя Святога Пасада заклікаў дзяржавы далучыцца да асноўных міжнародных дамоваў у сферы раззбраення і нераспаўсюджвання ядзернай зброі, весці добрасумленныя перамовы, а таксама аднавіць працэсы кантролю за ўзбраеннямі і прасоўваць новыя пагадненні – уключна з ўсеагульнай забаронай ядзерных выпрабаванняў, рэгуляваннем пытанняў матэрыялаў, здольных да расшчаплення, і гарантыямі бяспекі.