Пошук

Кардынал П'етра Паралін падчас імшы ў касцёле Сан-Сальваторэ-ін-Лаўра Кардынал П'етра Паралін падчас імшы ў касцёле Сан-Сальваторэ-ін-Лаўра 

Дзяржсакратар: маліцца за мір разам са святым Піа з П’етрэльчыны

Памятаючы словы святога Піа з П’етрэльчыны пра тое, што “малітва – найлепшая зброя, якую маем”, давайце маліцца ў першую чаргу за мір, - заклікаў кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У літургічны ўспамін айца Піа бліжэйшы супрацоўнік Папы цэлебраваў Імшу ў рымскім касцёле Сан-Сальваторэ-ін-Лаўра, дзе захоўваюцца рэліквіі святога капуцына. Нягледзячы на даждлівае надвор’е, касцёл і плошча перад ім былі запоўнены вернікамі, сярод якіх былі і прадстаўнікі Грамадзянскай абароны Італіі, нябесным апекуном якой з’яўляецца святы з П’етрэльчыны.

У гаміліі кардынал Паралін звярнуў увагу на “духоўнасць Крыжа, якой жыў сціплы капуцын”. Айцец Піа бачыў “неразрыўную сувязь паміж пакутамі і любоўю”, ахвяруючы свае фізічныя і духоўныя цярпенні за збаўленне душаў, нагадаў іерарх, падкрэсліўшы, што гэты прыклад застаецца актуальным і сёння.

Дзяржсакратар назваў святога Піа прыкладам чалавека малітвы, які паказвае, што яна з’яўляецца “ключом, што адкрывае сэрца Бога”. “Не будзе перабольшаннем сказаць, што айцец Піа займае вельмі важнае месца сярод вялікіх людзей малітвы хрысціянскай духоўнасці”, - сцвердзіў іерарх.

Кардынал Паралін таксама нагадаў пра духоўныя феномены, звязаныя з капуцынам, такія як візіі, стыгматы і білакацыі. Хоць гэтыя з’явы выклікалі неразуменне з боку многіх людзей, святы Піа “прымаў іх з пакорнай паслухмянасцю і глыбокай перакананасцю ў тым, што Бог у свой час дапаможа затрыўмфаваць праўдзе”. Так і адбылося пазней, калі Касцёл кананізаваў яго. Дзяржсакратар дадаў, што ў жыцці святых адкрываецца багацце Евангелля, і гэта ў поўнай меры датычыць таксама святога Піа з П’етрэльчыны.
 

25 верасня 2025, 10:30