Пошук

Сінод біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Сінод біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Кардынал Грэк: хай трэці этап сінадальнага працэсу будзе крокам наперад

У 60-ю гадавіну заснавання Сінода Біскупаў яго генеральны сакратар, кардынал Марыё Грэк, нагадаў пра значэнне і ролю гэтай установы. Ён заклікаў мясцовыя Касцёлы актывізаваць трэці этап сінадальнага працэсу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сінод Біскупаў быў заснаваны Паўлам VI 15 верасня 1965 года напрыканцы Другога Ватыканскага Сабора. З таго часу ён стаў цэнтральнай структурай, якая аб’ядноўвае біскупаў усяго свету і супрацоўнічае з Папам у абмеркаванні і вырашэнні пытанняў, жыццёва важных для народа Божага. За мінулыя шэсцьдзесят гадоў адбыліся 16 звычайных, 3 надзвычайныя генеральныя асамблеі і 11 спецыяльных асамблей, вынікі якіх “шмат у чым спрыялі аднаўленню касцёльнага жыцця”.

Кардынал Грэк звярнуў асаблівую ўвагу на “значную эвалюцыю” Сінода Біскупаў, якая адбылася пад уплывам кожнага з Пантыфікаў. У прыватнасці, Папа Францішак імкнуўся ператварыць Сінод з мерапрыемства, у якім удзельнічаюць толькі біскупы, у падзею, прызначаную для ўсяго Касцёла.

Іерарх нагадаў, што сінадальны шлях праходзіць у тры этапы: спачатку кансультацыі з народам Божым, затым распазнаванне і абмеркаванне ў біскупскіх канферэнцыях і кантынентальных асамблеях, і, нарэшце, заключныя пасяджэнні ў Рыме. Дзве сесіі Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў адбыліся ў 2023 і 2024 гадах. Іх вынікам стаў дакумент, ухвалены Францішкам.

Генеральны сакратар Сінода заклікаў мясцовыя Касцёлы прыкласці ўсе намаганні, каб трэці этап сінадальнага працэсу стаў яшчэ адным крокам наперад у разуменні і досведзе сінадальнасці.

18 верасня 2025, 11:39