Кардынал Кох: экуменізм і евангелізацыя ўзаемазвязаны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У інтэрв’ю для нямецкага каталіцкага штотыднёвіка "Die Tagespost" прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству падкрэсліў, што "ў свеце, поўным супярэчнасцей, канфліктаў і войнаў" хрысціяне могуць быць знакам еднасці толькі праз экуменічную сувязь. На думку іерарха, "унутрана падзеленая група хрысціян не будзе вартым даверу знакам".
Хрысціян пераследуюць не за тое, што яны лютэране, католікі ці праваслаўныя, але за тое, што яны хрысціяне
Такое пасланне нясе экуменічнае ўшанаванне хрысціянскіх сведак і мучанікаў. "Калі мы з’яднаныя ў гэтым сведчанні веры, мы не павінны працягваць аддзяляцца адно ад аднаго ў штодзённым жыцці", - перакананы кардынал Кох.
Швейцарскі іерарх разглядае ўспамін 1700-годдзя Нікейскага Сабору як добрую нагоду для сумеснага святкавання ў экуменічнай салідарнасці "і для аднаўлення нашай веры ў Хрыста". Сабор адбыўся ў 325 годзе, то бок перад тым, як "пазнейшыя падзелы паранілі хрысціянства". Таму ён датычыць усіх хрысціянскіх супольнасцей.
Экуменізм дапамагае евангелізацыі, а евангелізацыя дапамагае экуменізму
У размове кардынал Кох таксама звярнуў увагу на тое, што праведзенае ў 2023 годзе ў Германіі даследаванне адносна прыналежнасці да хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцей тлумачыць велізарную патрэбу ў абвяшчэнні хрысціянскага паслання ў сучасных грамадствах. Экуменічнае супрацоўніцтва ў гэтым плане карыснае, бо "вера ў Хрыста з'яўляецца для нас супольнай, і чым часцей мы будзем яе разам вызнаваць, тым больш пераканаўчым будзе гэтае вызнанне", - патлумачыў прэфект.
Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі нагадаў, што ўжо на першай Сусветнай місіянерскай канферэнцыі ў Эдынбургу ў 1910 годзе яе ўдзельнікі прызналі, што "найбольшай перашкодай для евангелізацыі з’яўляецца адсутнасць еднасці сярод хрысціян".
Мы шматлікія і розныя, але мы знаходзім еднасць у Хрысце
Кардынал Кох прызнаўся, што ўражаны Папам Львом XIV: падчас святкавання Юбілею Рымскай Курыі Пантыфік нёс крыж праз усю дарогу ад Залы Паўла VI праз Плошчу Святога Пятра да Святой Брамы ў ватыканскай базіліцы. "Гэта красамоўны вобраз яго задання – ісці наперад і паказваць на Хрыста", - сказаў іерарх.
Ён нагадаў, што непасрэдна да Хрыста адносіцца папскі дэвіз: “In Illo uno unum” (У Ім Адзіным мы адзіныя). Гэта азначае: "Мы шматлікія і розныя, але мы знаходзім еднасць у Хрысце". Кардынал Кох перакананы, што "хрыстацэнтрызм Папы Льва з’яўляецца добрым арыенцірам, таксама і для будучыні экуменізму".