Пошук

Карданл П'етра Паралін з Папам Львом XIV Карданл П'етра Паралін з Папам Львом XIV  (AFP or licensors)

Дзяржсакратар: мір у цэнтры дзейнасці Апостальскай Сталіцы

Дзяржсакратар Яго Святасці ў артыкуле для часопіса італьянскай паліцыі падкрэсліў, што Апостальская Сталіца знаходзіцца побач з усімі, хто будуе мір ва ўсім свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На старонках спецыяльнага нумара часопіса італьянскай Дзяржаўнай паліцыі “Polizia Moderna”, прысвечанага тэме “Мір і бяспека”, кардынал П’етра Паралін падзяліўся сваімі разважаннямі. Ён нагадаў, што Папа Леў XIV зрабіў мір цэнтрам свайго пантыфікату, бо гэта дабро, якое “лічыцца само сабой зразумелым, калі яно ёсць; і ў ім адчуваецца адчайная патрэба, калі яго не хапае”.

Іерарх падкрэсліў, што мір павінен быць “бяззбройным і абяззбройваючым, пакорным і вытрывалым”, бо ён не навязваецца, а прапануецца. “Мір будуецца ў сэрцы і выходзячы з сэрца, выкараняючы пыху і прэтэнзіі, узважваючы словы, таму што можна параніць і забіць таксама словамі, а не толькі зброяй”, - працытаваў іерарх Пантыфіка з прамовы да дыпламатычнага корпуса ад 16 мая 2025 года. Гэта абавязак кожнага, незалежна ад паходжання і рэлігіі.

Таму мір, як адзначыў ватыканскі дыпламат, знаходзіцца ў цэнтры дзейнасці Апостальскай Сталіцы, якая імкнецца будаваць масты і гатова да пасрэдніцтва. На жаль, паводле кардынала Параліна, “паступовае паслабленне мультылатэралізму” значна ўскладняе вырашэнне канфліктаў у свеце.

На заканчэнне Дзяржсакратар выказаў сардэчную падзяку ад імя Апостальскай Сталіцы ўсім “будаўнікам міру”, асабліва супрацоўнікам Інспектарата грамадскай бяспекі пры Ватыкане за іх службу падчас “Sede Vacante” і абрання Папы, а таксама за гарантаванне бяспекі падчас Юбілею 2025 года. Ён пажадаў, каб яны заўсёды спрыялі “падтрыманню ў грамадстве культуры міру”.
 

30 верасня 2025, 09:48