Кардынал Паралін на пахаванні нунцыя пра дыпламатыю як служэнне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
25 верасня 2025 года ў ватыканскай базіліцы адбылася пахавальная Імша за арцыбіскупа Наватуса Ругамбву, танзанійца і дыпламата, які з 1991 года служыў у структурах Апостальскай Сталіцы як у Ватыкане, так і ў краінах Лацінскай Амерыкі, Азіі, Афрыкі і Акіяніі.
Кардынал П'етра Паралін адзначыў, што арцыбіскуп Ругамбва быў узорам святара як у дыпламатычнай дзейнасці, так і падчас змагання з хваробай.
"Дыпламатыя, як мы ведаем, з'яўляецца адной з найбольш патрабавальных і далікатных галін душпастырскай любові, - сказаў кардынал Паралін. - Яна патрабуе вернай перадачы прынцыпаў Евангелля і навучання Касцёла ў структурах і ў адносінах паміж дзяржавамі і народамі, з павагай да ўсіх і адначасова шчодрым дзяленнем святла і сілы, што паходзяць з веры".
Бліжэйшы супрацоўнік Папы падкрэсліў, што такое стаўленне ўзорна рэалізаваў арцыбіскуп Ругамбва, які пакорна і дыскрэтна, але адначасова цвёрда абараняў справядлівасць і павагу да чалавека, спрыяючы ўстанаўленню трывалых і канструктыўных адносін.
На прыкладзе памерлага кардынал Паралін нагадаў, наколькі важная "цэласнасць жыцця", дзякуючы якой танзанійскі іерарх быў "уплывовым і годным даверу сведкам ісціны, якую абвяшчаў".
"Пан чакае ад сваіх пастыраў перш за ўсё адданасці і сведчання святога жыцця, - падкрэсліў ён. - Гэта набывае асаблівую значнасць для тых, хто выконвае такі адказны абавязак, як прадстаўленне Папы, дзе, акрамя грунтоўнай і ўсебаковай падрыхтоўкі ў дыпламатычнай і палітычнай сферах, вырашальным з'яўляецца бездакорнае жыццё."