Пошук

Кардынал П'етра Паралін на месцы аварыі фунікулёра ў Лісабоне Кардынал П'етра Паралін на месцы аварыі фунікулёра ў Лісабоне  (ANSA)

Кардынал Паралін: Папа абавязкова ўключыць Фаціму ў свае планы

Кардынал П'етра Паралін выказаў упэўненасць, што Папа Леў XIV абавязкова наведае санктуарый у Фаціме, падкрэсліўшы моцную сувязь Пантыфікаў з гэтым святым месцам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас размовы з партугальскім каталіцкім агенцтвам “ECCLESIA” бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца звярнуў увагу на надзвычайную актуальнасць паслання міру, змешчанага ў аб'яўленнях 1917 года. 12-14 верасня 2025 года ён знаходзіўся з візітам у Партугаліі.

Папа абавязкова наведае Фаціму

"Я думаю, што сапраўды Папа Леў абавязкова ўлічыць Фаціму ў сваіх планах і падарожжах," - адзначыў Дзяржсакратар Яго Святасці. Ён заахвоціў партугальцаў цярпліва чакаць, пакуль Святы Айцец вызначыцца з планамі, і адначасова падкрэсліў "вельмі актуальную тэму міру, тэму Фацімы, звязаную з заканчэннем канфліктаў".

"Гэта яшчэ адзін важкі матыў, каб прыбыць сюды, памаліцца да Маці Божай і даверыцца Яе апецы перад абліччам узмацнення канфліктаў у Еўропе"

Статуя Маці Божай Фацімскай зноў у Ватыкане

З нагоды гэтай размовы было прыгадана, што статуя Маці Божай Фацімскай з Капліцы Аб'яўленняў вернецца ў Ватыкан з нагоды Юбілею Марыйнай Духоўнасці, які будзе праходзіць 11-12 кастрычніка 2025 года. Ужо чацвёрты раз статуя пакіне санктуарый у Фаціме і адправіцца ў Рым.

Першы раз гэта адбылося ў 1984 годзе з нагоды Надзвычайнага Юбілею Адкуплення, калі 25 сакавіка святы Ян Павел II прысвяціў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі; другі раз – падчас Вялікага Юбілею 2000 года; трэці – у кастрычніку 2013 года з нагоды Года Веры з Папам Францішкам. Леў XIV узначаліць Імшу ў рамках Юбілею Марыйнай Духоўнасці 12 кастрычніка 2025 года ў Рыме.

Фаціма – месца глыбокай веры

Агенцтва “ECCLESIA” нагадвае, што кардынал Паралін суправаджаў Папу Францішка падчас падарожжа ў Фаціму ў 2017 годзе з нагоды стагоддзя аб'яўленняў, а таксама падчас Сусветных Дзён Моладзі 2023 года ў Лісабоне, калі Святы Айцец таксама наведаў Фаціму.

"Падчас адмаўлення ружанца я бачыў шмат знакаў простай веры, якая сапраўды выражае душу вернікаў," - падзяліўся кардынал сваімі ўражаннямі ад вераснёўскай пілігрымкі ў Фаціму. Ён таксама ўспомніў Сусветныя Дні Моладзі ў Лісабоне, адзначыўшы іх атмасферу энтузіязму, якая "ахапіла ўсіх удзельнікаў".

Важнасць міжнародных адносін

Дзяржсакратар адказаў таксама на пытанні наконт праблемы міграцыі, падкрэсліваючы неабходнасць змены менталітэту, які "заключаецца ў адмаўленні", і важнасць увахода "ў дынаміку прыняцця".

Падчас візіту ў Лісабон кардынал Паралін адзначыў, што адносіны з Партугаліяй "вельмі добрыя", і звярнуў увагу на цяжкасці, звязаныя з "вельмі секулярысцкім мысленнем" у Еўропе. Ён таксама закрануў тэму канфліктаў у свеце, падкрэсліваючы намаганні Апостальскай Сталіцы ў гэтым кірунку.
 

15 верасня 2025, 11:20