Жонкі палонных украінцаў на аўдыенцыі ў Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Партал rkc.org.ua паведамляе, што сустрэча Папы з украінскімі жанчынамі адбылася ў асаблівай атмасферы малітвы і спачування. Святы Айцец падзякаваў ім за падарункі, перададзеныя як знак любові і надзеі, і выказаў падтрымку ўкраінцам, якія пакутуюць ад вайны.
"Сустрэча Папы з украінскімі жанчынамі стала важнай крыніцай натхнення і надзеі", - адзначыў Андрэй Юраш, пасол Украіны пры Апостальскай Сталіцы, падкрэсліваючы значэнне падзеі для сваякоў ваеннапалонных і ўсяго ўкраінскага народа.
Гэтая аўдыенцыя – чарговы крок у паслядоўнай падтрымцы Львом XIV намаганняў па вызваленні ўкраінскіх ваеннапалонных. Раней Святы Айцец ужо прымаў дэлегацыі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, атрымліваў спісы палонных і заклікаў міжнародную супольнасць прыкласці намаганні дзеля іх вызвалення.
Падчас сустрэчы Папа асабіста выказаў спачуванне, даў благаслаўленне і падзяліўся надзеяй на вызваленне тых, хто дагэтуль знаходзіцца ў палоне. Святы Айцец неаднаразова заклікаў да спынення ваенных дзеянняў і вяртання да дыялогу як адзінага шляху да справядлівага міру.