Паралін: Аўстрыі патрэбна новая евангелізацыя
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі аўстрыйскіх СМІ і дыяцэзіяльнымі прэс-сакратарамі, што адбылася 24 верасня 2025 года ў Ватыкане, кардынал П'етра Паралін акцэнтаваў увагу на актуальным стане каталіцкай веры ў Аўстрыі.
Стварайце прасторы дыялогу і абмену
"Гэта заклік да ўсяго Божага люду – як да душпастыраў, так і да свецкіх – разважыць над будучыняй веры і Касцёла ў Аўстрыі і шукаць – у еднасці і вернасці Пераемніку Пятра – шляхі новай евангелізацыі ва ўніверсальнай касцельнай супольнасці, каб такім чынам нанова радавацца ў нашай веры", - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.
Кардынал Паралін падкрэсліў, што прадстаўнікі СМІ павінны быць "пасланцамі надзеі" і "пашыральнікамі Добрай Навіны Евангелля", не толькі ў цяперашні Святы Год. Ён працытаваў словы Папы Льва XIV пра тое, што камунікацыя – гэта "не толькі перадача інфармацыі, але стварэнне культуры, чалавечага і лічбавага асяроддзя, якое становіцца прасторай дыялогу і абмену".
Адказнасць медыя у аб'яднанні людзей
У сваім слове дзяржсакратар адзначыў асаблівую адказнасць медыя за аб'яднанне людзей і падтрымку надзеі. "Вялікай пагрозай у сучасным свеце, асабліва пасля пандэміі, з'яўляецца тое, што людзі вядуць усё больш індывідуалізаванае жыццё. У грамадстве ўзрасла агрэсія і палярызацыя, але адначасова расце прага супольнасці і інклюзіўнасці", - адзначыў Паралін.
У гэтым кантэксце кардынал выказаўся за тое, каб СМІ не толькі інфармавалі людзей, але таксама адукоўвалі і выхоўвалі іх. Асабліва важна дапамагчы людзям вызваліцца ад ізаляцыі і наладзіць кантакт з іншымі.
Знакам надзеі ў жыцці Касцёла, паводле іерарха, з'яўляецца рост колькасці хростаў дарослых і моладзі ў многіх краінах. У новай евангелізацыі важна, каб людзі жылі сваёй верай у супольнасцях і дзяліліся жыццём. Добрым прыкладам гэтага з'яўляюцца хрысціянскія базавыя супольнасці.
Часта больш трэба баяцца чалавечага розуму, чым штучнага інтэлекту
Адказваючы на пытанне пра ўплыў і значэнне штучнага інтэлекту, кардынал Паралін указаў як на яго пазітыўныя магчымасці, так і на пагрозы.
"Галоўная небяспека ў тым, што чалавек можа стаць "тэхналагізаваным", а тым самым страціць адносіны з іншымі людзьмі, а ўрэшце і з Богам", - падкрэсліў ён. Аднак кардынал таксама супакоіў, сказаўшы: "Часта больш трэба баяцца чалавечага розуму, чым штучнага інтэлекту".
Аўстрыйскім прадстаўнікам касцельных СМІ падчас сустрэчы спадарожнічалі біскуп, адказны за медыя, Вільгельм Краўтвашль і рэктар Папскага інстытута “Санта Марыя дэль'Аніма” ў Рыме Міхаэль Макс. У сустрэчы ў Апостальскім палацы таксама ўдзельнічаў ксёндз Паўль Маркавіч, які працуе ў нямецкай секцыі Дзяржаўнага сакратарыята.
Гутарка з кардыналам Паралінам стала апошняй сустрэчай аўстрыйскай групы падчас прэс-тура ў Ватыкане і Рыме. Праграма ўключала сустрэчы з генеральным сакратаром Сінода Біскупаў кардыналам Марыа Грэкам, кардыналам Куртам Кохам, прэфектам Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, і сакратаром Дыкастэрыі па інтэгральным развіцці чалавека сястрой Алесандрай Смерылі. Група аўстрыйскіх журналістаў таксама ўдзельнічала ў серадовай агульнай аўдыенцыі Папы Льва XIV на Плошчы Святога Пятра.