Пошук

Гвардзейцы Папскай Швейцарскай гвардыі Гвардзейцы Папскай Швейцарскай гвардыі 

Швейцарская гвардыя: рэкруты рыхтуюцца да прысягі

4 кастрычніка 2025 года адбудзецца прысяга 27 рэкрутаў Швейцарскай гвардыі. Цырымонія, якая традыцыйна праходзіць 6 мая, была перанесена на восень з-за смерці Папы Францішка.

Ян Глінскі

Урачыстасць распачнецца а 17.00 на Панадворку святога Дамаса Ватыканскага Апостальскага палаца. Падчас яе новыя гвардзейцы будуць апрануты ў традыцыйную парадную форму з даспехамі. Прымаючы прысягу, яны паабяцаюць абараняць Папу і яго пераемнікаў, нават коштам свайго жыцця.

Новыя гвардзейцы паходзяць з розных кантонаў Швейцарыі: Вале, Фрыбурга, Во і Цюрыха.

Афіцыйную дэлегацыю Швейцарыі на ўрачыстасці ўзначаліць прэзідэнт Карын Келер-Сутэр. Будуць прысутнічаць таксама прадстаўнікі ўраду, рэгіёнаў і ўзброеных сіл краіны. Епіскапат прадставіць віцэ-старшыня, біскуп Курскі Жозэф Мары Бонмэ.

За дзень да цырымоніі, увечары 3 кастрычніка, члены вайсковага корпуса збяруцца на малітву Нешпараў у ватыканскім касцёле Санта-Марыя-дэла-П’ета на Кампа-Санта-Тэўтоніка. Пасля яе адбудзецца ўрачыстае ўручэнне медалёў за заслугі.

4 кастрычніка раніцай у Базіліцы Святога Пятра адбудзецца Імша з нагоды прысягі новых гвардзейцаў, якую цэлебраваць будзе кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін.

Прысяга звычайна адбываецца ў Ватыкане 6 мая, ва ўспамін так званага Sacco di Roma (Рабаванне Рыма) 1527 года, калі 147 з 189 швейцарскіх салдат загінулі пры абароне Папы Клімента VII. Папская Швейцарская гвардыя – найстарэйшая армія ў свеце, заснаваная ў 1506 годзе Папам Юліем II. У цяперашні час яна налічвае каля 135 чалавек і знаходзіцца пад камандаваннем палкоўніка Крыстафа Графа.
 

19 верасня 2025, 08:55